Вясна 1996 году ўвайшла ў гісторыю як «гарачая менская вясна» — тады адбыліся першыя масавыя акцыі апазыцыі, першыя затрыманьні, зьявіліся першыя палітзьняволеныя, пралілася першая кроў на тады яшчэ спакойных сталічных вуліцах. Пагаварылі з удзельнікамі тых падзеяў
Хроніка падзеяў сакавіка 1996-га
Першыя мітынгі па ўсёй краіне вясной 1996 году прайшлі ў Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. У сталіцы людзі сабраліся каля Опэрнага тэатру. Адным зь лёзунгаў быў «Сёньня топчуць Канстытуцыйны суд, заўтра зальюць крывёй краіну».
На пачатку 1996 году Лукашэнка выказаўся за скасаваньне Канстытуцыйнага суду: нібыта ён перашкаджае працаваць прэзыдэнту, бо прызнае ягоныя ўказы неканстытуцыйнымі. Улады пачалі рыхтаваць падпісаньне інтэграцыйных пагадненьняў з Расеяй.
Паўстала пагроза зьменаў Канстытуцыі, якія пашырылі б паўнамоцтвы прэзыдэнта і тэрмін яго знаходжаньня на пасадзе. Так і сталася пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году.
А 24 сакавіка 1996 году у Менску масава адзначылі Дзень Волі. У шэсьці ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек.
Шэсьце удзельнікаў пратэсту на адной з акцый «Менскай вясны» 1996 году
Людзі зьбіраліся на плошчы Незалежнасьці, пайшлі вялікай калёнай па праспэкце Францішка Скарыны. На скрыжаваньні з вуліцай Камсамольскай калёна вайсковай тэхнікі спрабавала не прапусьціць дэманстрантаў, але не атрымалася. Дайшлі да Опэрнага тэатру, увесь пляц перад якім запоўніўся людзьмі. Луналі тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў. Удзельнікі акцыі скандавалі «Жыве Беларусь», зьбіралі грошы Лукашэнку на квіток да Масквы.
Старшынём аргкамітэту быў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. На мітынгу выступілі старшыня БНФ Зянон Пазьняк, дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Генадзь Карпенка, Валянцін Голубеў, Сяргей Антончык, Ніл Гілевіч, Станіслаў Багданкевіч ды іншыя. На плошчы былі заўважаныя і высокія чыноўнікі, як мэр Менску Ўладзімер Ярмошын.
Па дарозе адбыліся першыя затрыманьні — сілавікі схапілі тагачаснага маладафронтаўца Віталя Рымашэўскага. Вядоўца мітынгу, намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка наўпрост зььвярнуўся ў мэгафон да міліцэйскага начальніка падпалкоўніка Мікалая Дразда:
«Калі тут ня зьявіцца Рымашэўскі, народ вымушаны будзе падысьці да РУУС і пацікавіцца ягоным лёсам».
Прынялі рэзалюцыю, але толькі яе пачатак меў сьвяточны характар. У ёй узгадвалася стварэньне БНР, а ў асноўным рэзалюцыя была скіраваная супраць інкарпарацыі Беларусі Расеяй.
Пасьля канцэрту арганізатары вырашылі ісьці да будынку Беларускай тэлевізіі на Камуністычную вуліцу, патрабаваць жывога этэру. Але там калёну сустрэлі «касманаўты» — АМАП у бліскучых шаломах, са шчытамі, дубінкамі. Пазьняк прапанаваў разыходзіцца, людзі пайшлі ў кірунку праспэкту. Супраць удзельнікаў сьвята кінулі спэцназ, былі жорсткія сутычкі каля галоўнага паштамту. У той дзень арыштавалі больш за 30 чалавек.
Аргкамітэт ачоліў Васіль Быкаў
Вячаслаў Сіўчык быў арганізатарам акцыяў «Менскай вясны — 1996»: 15 сакавіка — у Дзень Канстытуцыі, 24 сакавіка — да Дня Волі, 2 красавіка — супраць інтэграцыі з Расеяй, 26 красавіка — Чарнобыльскага шляху.
Вячаслаў Сіўчык у Рэспубліканскім шпіталі для асуджаных. Фота з нумару газэты «Народная воля» за травень 1996
Узгадваючы Дзень Волі 1996 году, Вячаслаў Сіўчык адзначае, што тады ўдалося скансалідаваць практычна ўсю беларускую дэмакратычную супольнасьць, усю апазыцыю.
«Аргкамітэт тады ачоліў Васіль Быкаў, ягоная роля тут была вельмі вялікая. Тут ёсьць і пэрсанальная заслуга старшыні БНФ Зянона Пазьняка. Я тады досьведу ў палітыцы амаль ня меў, не зусім разумеў, што і як працуе. Зянон Станіслававіч паехаў да Васіля Ўладзімеравіча, растлумачыў сытуацыю. І гэта адыграла пазытыўную ролю — Быкаў пагадзіўся», — кажа Вячаслаў Сіўчык.
Другі момант, які азначыў ён, — упершыню ў гісторыі рыхтаваньня акцыі была такая масавая інтэрвэнцыя ўлётак. Да Дня Волі іх было надрукавана больш за 1 мільён, яны былі розныя. Правялі вельмі шмат інфармацыйных пікетаў — БНФ займаўся гэтым вельмі доўга. Улады спрабавалі перашкаджаць, але ня вельмі ўдала.
Вячаслаў Сіўчык выходзіць з Акрэсьціна. 2000 год
«Былі сутыкненьні на месцы збору — плошчы Незалежнасьці, сілавікі перашкаджалі людзям сабрацца, загарадзілі выхады з мэтро. Былі спробы спыніць калёну, але нас было вельмі шмат. Адарваліся яны ўжо пасьля акцыі, было дзікае пабоішча насупраць КДБ, на перакрыжаваньні праспэкту з Камсамольскай, і каля паштамту. Быў ціск на арганізатараў, была заведзеная крымінальная справа на ўсё кіраўніцтва БНФ», — расказаў арганізатар акцыі.
Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што ўпершыню акцыю на Дзень Волі правёў ў 1989 годзе студэнт тагачаснага Беларускага тэатральна-мастацкага інтытуту Алесь Пушкін.
«Параненыя ляжалі на праспэкце Незалежнасьці»
Тагачасны старшыня «Маладога Фронту» Павал Севярынец у 1996 годзе вучыўся на другім курсе геафаку БДУ, жыў у студэнцкім мястэчку на Кастрычніцкай, у 7-м інтэрнаце. Гэта была першая акцыя, у якой ён браў удзел. Узяў шмат улётак у сядзібе БНФ у Вячаслава Сіўчыка, амаль два тыдні абыходзіў усе шматпавярховыя студэнцкія інтэрнаты, тлумачыў сытуацыю.
«Тады была канкрэтная нагода: Лукашэнка заявіў, што трэба яднацца з Расеяй. Усе зразумелі, што гэта пагроза незалежнасьці, што Беларусь можа стаць часткаю Расеі, каб Лукашэнка мог залезьці ў Крэмль. Гэта рэальна людзей узьняло, і гаворка ішла ня столькі пра адзначэньне ўгодкаў БНР, колькі пра адстойваньне незалежнасьці Беларусі.
Таму ў нас былі стосы ўлётак, мы заходзілі ў студэнцкія інтэрнаты і казалі: „Сябры, 24 сакавіка — акцыя абароны Незалежнасьці, Дзень Волі. Прыходзьце на плошчу Незалежнасьці. І тлумачылі, чаму Беларусі важна быць незалежнай, — на той момант гэта трэба было яшчэ даводзіць“», — узгадвае Павал.
Павал Севярынец у 1996 годзе. Фота з прыватнага архіву
Студэнты рэагавалі па-рознаму: хто ветліва дзякаваў і браў улёткі, некаторыя адразу казалі, што пойдуць. І жартуе, што тады ў параўнаньні зь цяперашнім часам быў разгул дэмакратыі.
«24-га зранку я ўбачыў чалавек 60 каля ўваходу ў інтэрнат № 2 — адтуль было бліжэй ісьці. І зразумеў, што агітацыя мела вынік, і мы калёнай пайшлі міма стадыёну „Дынама“ на плошчу Незалежнасьці.
Былі сутыкненьні зь міліцыяй. Яны пачаліся каля станцыі мэтро „Плошча Незалежнасьці“. Улады яшчэ ня ведалі, як перакрываць мэтро, і проста паставілі ланцуг „Белпалку“ [унутраных войскаў. — РС] каля выхаду. Людзі напіралі. Кардон умацоўвалі. Разьбілі галовы некаторым, некалькіх чалавек затрымалі. Памятаю, мы казалі, што калі не адпусьцяць людзей, мы пойдем ўсёй калёнай у 30 тысяч чалавек да Цэнтральнага РУУС і пазнаёмімся з асабовым складам. Праз пэўны час людзей адпусьцілі», — узгадвае Севярынец.
Пасьля мітынгу і спробы трапіць на тэлевізію таксама былі сутычкі. Калі людзі пачалі разыходзіцца, каля паштамту быў сур’ёзны хапун, кажа Павал.
«Людзей білі, яны ляжалі проста на праезнай частцы. Мабыць, было рашэньне Лукашэнкі, што народ трэба застрашыць, каб было непанадна. Былі рэпартажы ў расейскіх СМІ — а яны былі тады апазыцыйныя да Лукашэнкі, падтрымлівалі апазыцыю, бо наш дыктатар у Крамлі ім быў не патрэбны. Памятаю, гэта ішло першымі навінамі на ўсіх тэлеканалах — што параненыя ляжалі на праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці», — узгадвае Павал Севярынец.
«У сінім небе мора бел-чырвона-белых сьцягоў»
Глебу (поўнае імя суразмоўца просіць не публікаваць дзеля бясьпекі. — РС) ў 1996 годзе было 16 гадоў, ён вучыўся ў 11 клясе Ліцэю БДУ. Узгадвае, што пасьля так званага «травеньскага рэфэрэндуму» 1995 году аб дзяржаўнай мове і зьмене сымболікі ў прасунутых ліцэістаў пачаўся «варушняк». Пагатоў усюды было шмат улётак, пікетаў з анонсам акцыі, узгадвае ён.
«Было страшнавата. Але калі я дайшоў да месца збору, там такая рака людзей! Улады спрабавалі перакрыць плошчу Незалежнасьці, але з усіх вуліц людзі ручаямі выходзілі. Езьдзіла машынка „Жыгулі“ з „мацюгальнікам“, папярэджвала — але столькі людзей выйшла!» — не хавае эмоцыяў Глеб.
Шэсьце на праспэкце Незалежнасьці (тагачасным Скарыны). Вясна 1996
Даволі дзіўная сытуацыя была на скрыжаваньні праспэкту і Камсамольскай: з боку стадыёну выехала калёна армейскіх фургонаў, яны спрабавалі спыніць людзкую калёну, але ў сілавікоў нічога не атрымалася, узгадвае суразмоўца.
«Плошча перад Опэрным была перапоўненая, людзі стаялі і на засьнежаных газонах, і на дарожках. Быў марозны сонечны дзень, у сінім небе мора бел-чырвона-белых сьцягоў — відовішча неймавернае! Было вельмі натхняльна! Апошні раз такую перапоўненую плошчу каля Опэрнага я памятаю толькі на 100-годзьдзе БНР у 2018-м. Быў мітынг і творчая частка — памятаю, што сьпявала Кася Камоцкая, крута, урачыста было!», — узгадвае суразмоўца.
Пасьля Дня Волі у тую вясну у Беларусі прайшло яшчэ некалькі буйных акцыяў пратэсту. У выніку ў Беларусі стварыўся праваабарончы цэнтар «Вясна», а дэманстрантам удалося істотна затармазіць саюзныя пагадненьні з Расеяй, прымусіць улады скарэктаваць дакумэнты і зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на небясьпеку аншлюсу Беларусі.