Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1996-м была «Менская вясна», а цяпер пакуль зіма, — Сіўчык


Чарнобыльскі шлях-1996
Чарнобыльскі шлях-1996

Рух салідарнасьці «Разам» запрашае на ўрачыстую вечарыну, прысьвечаную пачатку «Менскай вясны-96».

24 сакавіка 1996 году адбылася першая масавая акцыя легендарнай «Менскай вясны», якая ўратавала Беларусь ад аншлюсу, перакананыя арганізатары імпрэзы. Яны прыгадваюць, што на Дзень Волі-96 беларусы вынесьлі лёзунг: «Расея — гэта вайна і галеча!»

Свабода пагутарыла з актыўным удзельнікам падзеяў «Менскай вясны-1996», старшынём Руху салідарнасьці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам:

— Як бы вы патлумачылі 20-гадовым, што такое «Менская вясна-96»?

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

— «Вясна-96» — гэта нацыянальна-вызвольны чын, гэта воля і мужнасьць беларусаў, гэта масавыя вулічныя акцыі, якія пачаліся менавіта з Дня Волі, які ў 1996 годзе быў падрыхтаваны Беларускім Народным Фронтам «Адраджэньне». Быў створаны Нацыянальны аргкамітэт — каб зладзіць годнае сьвяткаваньне самай значнай у гісторыі Беларусі даты 25 сакавіка. Аргкамітэт узначаліў Уладзімер Быкаў. Такім чынам, 20 год таму беларусы паказалі ўсяму сьвету, што зь імі давядзецца лічыцца, і што яны маюць права на сваю дзяржаву, на ўсе тыя правы, якія маюць іншыя народы.

— Масавыя акцыі пачаліся ў Беларусі яшчэ ў канцы 80-х. Можна ўзгадаць традыцыйны Чарнобыльскі шлях, напрыклад. Чаму Дзень Волі-1996 даў пачатак «Менскай вясьне»?

— Так, Чарнобыльскія шляхі ладзіліся ўжо ў канцы 80-х. Таксама былі перадвыбарчыя шэсьце і мітынг, а таксама масавыя акцыі пратэсту менскіх рабочых. Але адметнасьць «Менскай вясны» ў тым, што ставіліся прагматычныя задачы — людзі патрабавалі адстаўкі прамаскоўскага стаўленіка Аляксандра Лукашэнкі. У 1996 годзе гэта былі антыімпэрскія акцыі, таму што тады была вельмі вялікая небясьпека для незалежнасьці Беларусі.

— Калі той час называюць «Менская вясна-1996», то як назваць сёньняшні дзень?

—У нас цяпер пакуль зіма. Прычым пагроза сёньня для Беларусі рэзка ўзмацнілася. Мы бачым, што робіцца ва Ўкраіне, мы бачым, што робіць Пуцін. Мы бачым, што Лукашэнка стварыў такую сыстэму, якая не адпавядае інтарэсам беларускага народу. Сёньня ўлада ў Беларусі і беларускі народ — гэта зусім розныя рэчы, якія існуюць паралельна. Улада жыве сабе, народ — сабе, толькі ён не жыве, а выжывае. І гэта адбываецца ў той час, калі ў суседняй краіне яе прэзыдэнт вырашыў аднавіць імпэрыю, якая заўсёды пагражала беларускай нацыі. Таму беларусам трэба змабілізавацца, бо толькі скансалідаванымі высілкамі мы зможам зьдзейсьніць мару і «Менскай вясны-1996», і Плошчы Каліноўскага, і заснавальнікаў БНР.

Урачыстая вечарына, прысьвечаная пачатку «Менскай Вясны-96», пачнецца а 18.00 у сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG