Іна Кардаш, якую ў Кіеве падазраюць у шпіянажы на КДБ, паскардзілася на здароўе, але яе арышт падоўжылі

Іна Кардаш. Архіўнае фота

Суд у Кіеве працягнуў да 20 красавіка трыманьне пад вартай грамадзянкі Беларусі Іны Кардаш, якую сёлета 21 студзеня затрымалі ў Кіеве на падставе падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у праваахоўных органах Украіны, Іну Кардаш утрымліваюць у Кіеўскім сьледчым ізалятары.

Беларуска нібыта скардзілася на ненаданьне ёй мэдычнай дапамогі, а таксама на ўмовы ўтрыманьня. Яе адвакатка адмовілася паведаміць дэталі і ад іншых камэнтароў «бяз згоды сваёй кліенткі».

Судзьдзя пры разглядзе хадайніцтва сьледзтва аб працягу арышту абавязаў кіраўніцтва сьледчага ізалятару забясьпечыць выкананьне правоў Іны Кардаш на атрыманьне належнай мэдычнай дапамогі, а таксама належныя ўмовы ўтрыманьня.

Справу, якую завялі супраць беларускі 16 ліпеня 2025 году, расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе ад пачатку цікавіла толькі Ўкраіна». Чым у Беларусі займалася журналістка Іна Кардаш, якую СБУ абвінавачвае ў шпіянажы на карысьць КДБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны Кардаш