Амэрыканская Ўправа па барацьбе з наркотыкамі назвала прэзыдэнта Калюмбіі Густава Пэтра сваёй «прыярытэтнай цэльлю», паведаміла Associated Press з спасылкай на дасьведчаныя крыніцы і дакумэнты Ўправы па барацьбе з наркотыкамі.
Паводле інфармагенцтва, фэдэральныя пракуроры ў Нью-Ёрку расьсьледуюць меркаваныя сувязі Пэтра з наркагандлярамі.
Паводле Ўправы па барацьбе з наркотыкамі, Густава Пэтра з 2022 году фігуруе ў шматлікіх расьсьледаваньнях, у тым ліку зьвязаных зь дзейнасьцю мэксыканскага наркакартэлю Сыналёа і меркаваным фінансаваньнем прэзыдэнцкай кампаніі Пэтра з боку наркагандляроў.
У дакумэнтах таксама згадваецца кантрабанда какаіну і фэнтанілу праз парты краіны з выкарыстаньнем калюмбійскіх паліцыянтаў.
Густава Пэтра адмаўляе сувязь з наркагандлярамі і сьцьвярджае, што ня браў ад іх грошы падчас перадвыбарчай кампаніі.
Напачатку лютага калюмбійскі прэзыдэнт сустракаўся з Дональдам Трампам у Белым доме. Пасьля гэтага Трамп назваў Пэтра «цудоўным» чалавекам і паведаміў, што яны «вельмі добра» паразмаўлялі, у тым ліку на тэму барацьбы з наркатрафікам.
У пачатку студзеня ЗША нанесьлі ўдары па Вэнэсуэле і захапілі прэзыдэнта Нікаляса Мадура і ягоную жонку, якіх абвінавацілі ў наркатэрарызьме. МУС Вэнэсуэлы паведаміла пра 100 загінулых падчас апэрацыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон возьме кіраваньне Вэнэсуэлай на сябе, і што краіна адправіць у ЗША нафту на суму каля двух мільярдаў даляраў. Выканаўцай абавязкаў кіраўніка рэспублікі стала віцэ-прэзыдэнт Дэлсі Радрыгес.