У лесе за 30 км ад Гомлі знайшлі абломкі дрона

Ілюстрацыйнае фота

20 сакавіка ў лесе каля пасёлка Чаплін на Гомельшчыне памежнікі знайшлі абломкі бесьпілётніка самалётнага тыпу.

Мадэль не ўсталяваная, нумар вытворчасьці праглядаецца, паведаміла раённая газэта «Маяк».

У паведамленьні не называюць імаверную дату яго прылёту. Украінскія маніторынгавыя каналы за апошні тыдзень тройчы фіксавалі пралёт расейскіх дронаў над тэрыторыяй Беларусі:

  • 18 сакавіка а 19:11 паведамлялі пра два бесьпілётнікі, якія ляцелі курсам на Пінск Берасьцейскай вобласьці,
  • у гэты ж дзень а 19:16 адзін расейскі дрон рухаўся на тэрыторыі Беларусі ўздоўж мяжы з Ровенскай вобласьцю,
  • у ноч на 14 сакавіка а 3:48 група рэактыўных дронаў «Герань-3» курсавала ўздоўж беларускай мяжы ў кірунку Вышгарадзкага раёну Кіеўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў: За 2025 год разьмінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы

18 сакавіка намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў паведаміў, што летась у Беларусі разьмінавалі каля 520 дронаў, кожны трэці зь іх быў баявым.

14 сакавіка гомельскае выданьне «Флагшток» паведаміла аб падзеньні невядомага беспілётніка каля пасёлка Расьсьвет (Добрускі раён Гомельскай вобласьці).

За дзень да гэтага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «учора ці заўчора» (11 або 12 сакавіка) жанчына атрымала раненьні ад украінскага дрона, які быў выведзены з ладу расейскай устаноўкай РЭБ і ўпаў у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласьці.

20 лютага камандзір ВПС і войскаў СПА Андрэй Лукʼяновіч паведаміў, што вайскоўцы рэгулярна выкарыстоўваюць авіяцыю і зэнітныя ракетныя комплексы для зьнішчэньня беспілётнікаў, якія залятаюць у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?