Ультыматум быў апублікаваны на плятформе Трампа Truth Social:
«Калі Іран ЦАЛКАМ НЕ АДКРЫЕ, БЕЗ ПАГРОЗАЎ, Армускую пратоку цягам 48 ГАДЗІНАЎ з гэтага самага моманту, Злучаныя Штаты Амэрыкі ўдараць і зьнішчаць іхныя розныя ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ, ПАЧЫНАЮЧЫ З САМАЙ ВЯЛІКАЙ!»
У адказ вайсковае камандаваньне Ірану заявіла, што ў выпадку заяўленай Трампам атакі цэльлю стануць усе энэргетычныя аб’екты ЗША ў рэгіёне.
Папярэджаньне прагучала празь дзень пасьля таго, як Трамп сказаў, што разглядае магчымасьць «згортваньня» вайсковай апэрацыі. Тым ня менш, паводле паведамленьняў СМІ, Пэнтагон пасылае ў рэгіён тысячы салдат для магчымай наземнай апэрацыі.
Блякада Армускай пратокі ўжо прывяла да ўздаражэньня нафты і паліва.
Тым часам Іран і Ізраіль абменьваюцца ўдарамі зь ядзерным падтэкстам
21 сакавіка Іран атакаваў ізраільскі горад Дымона, дзе месьціцца ядзерны аб’ект. Тэгеран заявіў, што гэта помста за ўдары па ягоным прадпрыемстве ў Натанзе, што адбыліся раней у той жа дзень. Шырока распаўсюджана меркаваньне, што менавіта ў Дымоне месьціцца ядзерны арсэнал Ізраілю — адзіны на Блізкім Усходзе.
МАГАТЭ ў чарговы раз заклікала да «максымальнай вайсковай стрыманасьці, каб прадухіліць аварыю на ядзерным аб’екце».
У Дымоне балістычная ракета трапіла ў жылы дом, пацярпелі прынамсі 33 чалавекі. Другім ракетным ударам Ірану былі параненыя сама меней 59 чалавек у горадзе Арад.
Разбурэньні ў горадзе Дымона пасьля іранскай атакі
Ізраіль жа атакаваў аб’ект на тэрыторыі Тэгеранскага ўнівэрсытэту, які, паводле ягоных зьвестак, выкарыстоўваўся для распрацоўкі кампанэнтаў ядзернай зброі.
Міністар абароны Ізраілю заявіў, што з 22 сакавіка інтэнсіўнасьць удараў Арміі абароны Ізраілю і ЗША па іранскай інфраструктуры значна вырасьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ заклікала да «стрыманасьці» пасьля ўдару па іранскім аб’екце для ўзбагачэньня ўрануІран атакаваў вайсковую базу за 4 тысячы кілямэтраў ад сваёй тэрыторыі
21 сакавіка Тэгеран запусьціў дзьве балістычныя ракеты па Дыега-Гарсія — супольнай амэрыканска-брытанскай базе ў Індыйскім акіяне, што месьціцца прыкладна за 4000 кілямэтраў ад іранскай тэрыторыі. І хоць ракеты да базы не даляцелі (адна сапсавалася, другую зьбілі), галоўным у іх запуску была дэманстрацыя здольнасьці Ірану атакаваць аб’екты аж на такой адлегласьці, лічаць экспэрты.
Такім чынам пад пагрозай іранскіх удараў апынулася практычна ўся Эўропа.
Раней Іран заяўляў, што радыюс далёкасьці ягоных ракет абмежаваны 2 тысячамі кілямэтраў.
Паводле RFE/RL's Radio Farda, Reuters, AFP
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў студзеньскіх пратэстаўВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.