Дасьледаваньне «Вымярэньне сымпатый і пагроз. Беларусь і беларусы ў вачах жыхароў Літвы», якое 20 сакавіка прэзэнтавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы, было праведзенае ў студзені і лютым 2026 году. Сацыёлягі апыталі 1000 жыхароў Літвы, абраных паводле нацыянальнай рэпрэзэнтатыўнай выбаркі. Літоўцаў пыталіся пра адносіны да простых беларусаў і кантакты зь імі, пра пагрозы літоўскім нацыянальным інтарэсам, пра стаўленьне да ўладаў Беларусі, у тым ліку ці патрэбна падаўжаць санкцыі супраць беларускага рэжыму, пра «літвінізм» і нават пра тое, як бы літоўцы паставіліся да вяртаньня ў Беларусі герба «Пагоня».
Дасьледаваньне правёў Інстытут «Палітычная сфэра» у партнэрстве з кампаніяй Spinter tyrimai і Унівэрсытэтам Вітаўта Вялікага (Літва). Паводле шэрагу важных пытаньняў дасьледчыкі таксама параўналі стаўленьне да беларусаў у Літве з стаўленьнем да іх ва Ўкраіне і Латвіі. Падобнае вывучэньне грамадзкай думкі будзе праведзенае таксама ў Польшчы. Зь яго вынікамі дасьледчыкі абяцаюць азнаёміць грамадзкасьць цягам 2026 году.
Кажучы пра агульныя вынікі дасьледаваньня, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч адзначыў тое, што паказчыкі пазытыўнага стаўленьня да беларусаў перавышаюць нэгатыўныя. Гэтак, пра пазытыўнае стаўленьне да беларускіх грамадзянаў адказалі 37,2% апытаных літоўцаў, а пра нэгатыўнае — 36,6%. Ня вызначыліся зь меркаваньнем 26,3% апытаных.
Андрэй Казакевіч
На думку дасьледчыка, чакана было тое, што да беларусаў, якія жывуць у Літве, літоўцы ставяцца лепш: пазытыўна 41,9%, а нэгатыўна 30,9%. Гэта дасьледчык тлумачыць большай магчымасьцю для кантактаў літоўцаў зь беларусамі, калі тыя жывуць і працуюць побач. Паводле дасьледаваньня 12,4% літоўцаў цягам году кантактавалі зь беларусамі, сказаў сацыёляг.
Цікавым момантам для дасьледчыка сталі адносіны да беларусаў з боку літоўцаў у залежнасьці ад узросту. Ва ўзроставай групе паміж 26-25 гадамі дамінуе нэгатыўнае стаўленьне да беларусаў, а вось сярод літоўцаў старэйшых за 46 гадоў да прадстаўнікоў нашай краіны часьцей ставяцца станоўча. Адукацыя і памер грашовых прыбыткаў таксама маюць значэньне: чым яны ў літоўцаў вышэйшыя, тым стаўленьне больш нэгатыўнае.
Калі літоўцаў наўпрост спыталі, ці бачаць яны з боку грамадзянаў Беларусі пагрозу нацыянальным інтарэсам Літвы, дык 25,5% адказалі «так», 25,8% не вызначыліся, але 48,8% апытаных сказалі, што для іх беларусы пагрозы не ствараюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковая выведка Літвы выявіла, як замаўляюць надпісы «Вільня наша». Вінавацяць спэцслужбы «варожых краін»Адметна, што прыкладна тая ж доля (каля 50%) фігуруе і ў адказах літоўцаў на пытаньне, ці належна зрабіў літоўскі ўрад, калі ў 2020 годзе падтрымаў беларусаў, якія прыехалі ў краіну пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ухвалілі гэтыя дзеяньні ўраду Літвы 49,9% апытаных літоўцаў, адмоўна пра іх выказаліся 27,1%, астатнія 23% не вызначыліся.
«Вядома ж, пацьвердзілася, што адказы на гэтае пытаньне наўпрост залежаць ад палітычных сымпатый літоўцаў, але адначасова яны дэманструюць кансалідаванасьць грамадзтва Літвы ў пытаньні падтрымкі дэмакратычнай Беларусі — на гэтым баку заўсёды адносная большасьць», — адзначыў сацыёляг Андрэй Казакевіч.
Паводле беларускага навукоўца, доля падтрымкі беларусаў складае каля 40% грамадзтва Літвы, а ў пэўных пытаньнях сягае і да 50%, але ёсьць і «ядро» літоўцаў, якія па большасьці пытаньняў нэгатыўна ставіцца да беларусаў — гэта прыкладна 25%.
«Гэтыя прапорцыі застаюцца нязьменнымі цягам апошніх 5 гадоў», — адзначыў сацыёляг Казакевіч.
Таксама, паводле дасьледчыка, апытаньне прадэманстравала, што захоўваецца ранейшая тэндэнцыя: у сваім стаўленьні большасьць літоўцаў аддзяляе простых беларусаў ад дзяржавы Рэспубліка Беларусь.
Пра мігрантаў з Беларусі
За дазвол працоўнай міграцыі з Беларусі на ўмовах, роўных зь іншымі краінамі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, выказаліся 37,3% апытаных літоўцаў. Скарачаць колькасьць працоўных мігрантаў з Беларусі прапанавалі 26,8%.
Стаўленьне да рэжыму і да Лукашэнкі асабіста
З тым, што Беларусь «адназначна аўтарытарная краіна» згодны 54% апытаных літоўцаў, але 2,6% усё ж лічаць Беларусь дэмакратычнай краінай.
33,9% літоўцаў пагадзіліся з тым, што Беларусь цалкам кантралюецца Расеяй, але 6,1% мяркуе, што яна сама вызначае сваю палітыку.
Што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам лічаць 62,7% літоўцаў, а 19,4% разглядаюць яго як законнага прадстаўніка беларускага народу.
Адносіны да санкцый
Што ўраду Літвы трэба надалей праводзіць адносна Беларусі палітыку ізаляцыі і санкцый лічаць 30% апытаных літоўцаў, за супрацоўніцтва толькі ў тых сфэрах, дзе ёсьць эканамічны інтарэс, выказаліся 39,9%, за партнэрства з уладамі Беларусі — 13,2% апытаных.
Герб Пагоня і спадчына ВКЛ
Да магчымага вяртаньня ў Беларусі Пагоні ў якасьці дзяржаўнага герба пазытыўна паставіліся 3,4% апытаных літоўцаў, яшчэ 15,9% сказалі, што ставяцца да гэтага «хутчэй пазытыўна». Нэгатыўнае стаўленьне да такой ідэі выявілі 32,1% літоўцаў, «хутчэй нэгатыўна» ставяцца 15%. Адказалі «гэта для мяне не мае значэньня» 16,4%.
З тым, што палітычная і культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага належыць усім народам, якія там жылі, згодны 34,4% апытаных літоўцаў, а 25,8% мяркуюць, што гэтая спадчына належыць толькі літоўцам, 3,6% лічаць, што разам і літоўцам і беларусам.
Аб праблеме «літвінізму» зусім ня чулі 54,8% апытаных літоўцаў, 29% пра яе ведаюць, 6% не вызначыліся з адказам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдвард Лукас: «літвінізм» выконвае тры важныя мэты КрамляПазнавальныя асобы-беларусы
Сярод дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, якіх пазналі апытаныя літоўцы, на першым месцы апынуўся Кастусь Каліноўскі (25,8%), на другім месцы — Янка Купала (25,2%), трэці радок заняў Францішак Скарына (20,9%). На чацьвёртым радку апынулася Сьвятлана Алексіевіч з паказьнікам 13,3%, якая апярэдзіла ў папулярнасьці сярод літоўцаў Якуба Коласа (6,6%) і Ўладзімера Караткевіча (3,8%).
Прэзэнтацыя дасьледаваньня «Вымярэньне сымпатый і пагроз. Беларусь і беларусы ў вачах жыхароў Літвы» адбылася ў рамках першага штогадовага экспэртнага сэмінара па літоўска-беларускіх стасунках, фінансавала працу сацыёлягаў Эўракамісія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прапанавала Літве прыняць сумесную дэклярацыю пра гістарычную спадчыну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Без літоўскага кампанэнту беларуская нацыя ня ўзьнікла б, — Алег Латышонак