19 сакавіка ў Менску адбылася сустрэча амэрыканскай дэлегацыі пад кіраўніцтвам спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла з Лукашэнкам. Яе вынік — вызваленьне 250 палітзьняволеных і зьняцьце санкцый з беларускіх «Белінвэстбанку», «Банкучакалі ка разьвіцьця» і Міністэрства фінансаў. Таксама было заяўлена, што з санкцыйных сьпісаў цалкам выключылі «Беларускую калійную кампанію» і «Беларуськалій».
Пра вывад беларускай калійнай галіны з-пад амэрыканскіх санкцый гаварылі яшчэ падчас мінулай сустрэчы Коўла з Лукашэнкам летась у сьнежні. Аднак, цяпер санкцыі зьнялі з двух банкаў і Мінфіна і патэнцыйныя пакупнікі могуць весьці з Беларусьсю разьлікі ў далярах без страху трапіць пад другасныя санкцыі. Пра гэта кажа прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справах эканомікі Аліса Рыжычэнка.
«Беларусь атрымлівае вельмі вялікі бонус, фактычна як туз у рукаве. Мала таго, што гэта дазволіць гандляваць з ЗША і атрымліваць разьлікі ў далярах, я маю на ўвазе гандаль калійнымі ўгнаеньнямі. Гэта дазволіць таксама праводзіць разьлікі з іншымі краінамі ў далярах. Цяпер рызыка для патэнцыйных гандлёвых партнэраў Беларусі значна зьніжаецца. Рызыка трапіць пад другасныя санкцыі ЗША, пад якія ніхто не хацеў трапляць. Гэта будзе дазваляць нарошчваць аб’ёмы экспарту тых жа калійных угнаеньняў і ў іншыя краіны», — гаворыць эканамістка.
Як цяпер вазіць калійныя ўгнаеньні
Праз санкцыі ЭЗ і немагчымасьць экспартаваць калій праз літоўскія парты, Беларусь пастаўляе яго партнэрам праз расейскія. І гэта пакуль адзіны шлях. Аднак, сытуацыя можа зьмяніцца, калі Беларусь часткова прадасьць нейкую долю «Беларуськалія» ЗША. На гэта зважае Аліса Рыжычэнка.
«Ёсьць лягістычныя абмежаваньні ў Расеі. Гэта абмежаваньне грузапатокаў, партоў і чыгуначнай інфраструктуры. Напрыклад, нейкая доля „Беларуськалію“ або іншых камбінатаў, можа быць прададзеная. І, калі гэта будзе належаць ЗША, то тады Літва, фактычна, можа дазволіць гэты экспарт», — разважае эканамістка.
Пасьля ўвядзеньня санкцый экспартаваць калійныя ўгнаеньні праз Літву стала немагчыма
Калі ж шлях застанецца толькі адзіны — праз Расею, тады ў самой Расеі могуць быць незадаволеныя нарошчваньнем экспарту беларускага калію. Расейцы самі пастаўляюць калій у іншыя краіны і Беларусь для іх — канкурэнт на гэтым полі.
«Ужо сёньня ў расейскіх партах існуе канкурэнцыя паміж беларускімі і расейскімі вытворцамі калійных угнаеньняў. І гэтая канкурэнцыя прыводзіць да таго, што на мясцовым узроўні прымаюцца пэўныя рашэньні ў выглядзе абмежаваньняў грузаперавозак беларускіх тавараў праз расейскія парты — менавіта беларускіх калійных угнаеньняў. Акрамя таго, існуюць тэхнічныя абмежаваньні, зьвязаныя з чыгуначнай інфраструктурай. Фактычна, цяпер Беларусь настолькі залежная ад Расеі, што любое палітычнае рашэньне Масквы можа спыніць экспарт беларускіх калійных угнаеньняў у якую-небудзь краіну», — гаворыць Аліса Рыжычэнка.
Ці прапусьціць Літва беларускі калій
20 сакавіка, на наступны дзень пасьля сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй, Лукашэнка зноў выказаўся пра продаж амэрыканцам калійнага камбіната ў Беларусі.
«Думаюць. Але тры мільярды — гэта мінімум. А ўрад падлічыць запасы, яшчэ нешта… Гэта будзе даражэй. Яны багатыя, але плаціць вялікія ці нават нармальныя грошы ня хочуць. Усе хочуць за бясплатна», — сказаў Лукашэнка пра магчымасьць продажу калійнага камбінату. Ягоныя словы цытуе БелТА.
Раней Лукашэнка ўжо казаў пра продаж амэрыканцам калійнага рудніку падчас Усебеларускага сходу летась у сьнежні, які ён называў «новай фабрыкай». Верагодна, гаворка пра Нежынскі горна-узбагачальны камбінат, які пачалі будаваць у 2016 годзе.
Палітычны аглядальнік, у мінулым галоўны рэдактар літоўскай інфармацыйнай агенцыі ELTA Вітаўтас Брувэрыс мяркуе, што калі калій зь Беларусі будуць фармальна экспартаваць амэрыканскія кампаніі, то Літве будзе цяжка далей закрываць для іх транзыт.
«Наколькі я разумею, гэта адно з найбольш верагодных рашэньняў для беларусаў і амэрыканцаў — каб транспарціроўкай, транзытам гэтых угнаеньняў праз Літву фармальна займаліся амэрыканскія кампаніі. І тады Літва ж ня можа блякаваць амэрыканскія кампаніі. Я думаю, што пакуль гэта найбольш верагодны сцэнар. Ня бачу асаблівага сэнсу ціснуць тут на Літву з боку амэрыканцаў, каб яны дазволілі нешта транспарціраваць, бо гэта санкцыі ЭЗ. Для беларускага рэжыму тут ёсьць сэнс ціснуць, каб прымусіць Літву ісьці на палітычны кантакт», — мяркуе суразмоўца.
Вітаўтас Брувэрыс зьвяртае ўвагу, што рашэньне ЗША аб зьняцьці санкцый — кепскі знак для Літвы і краін ЭЗ.
«Я спадзяюся, што ў нашых галоўных асобаў і ў тых, хто адказвае за дзяржаву і яе дыпляматыю, хопіць розуму — нават калі амерыканцы пачнуць на гэта ціснуць — каб адмовіцца. Мы разумеем, што гэты крок амэрыканцаў — зьняцьце санкцый — гэта ўжо ўдар нажом у сьпіну і Літве, і краінам Балтыі, і іншым краінам рэгіёну, і ўсяму Эўрапейскаму Саюзу», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.
Расейская эканамічная аглядальніца выданьня MOST Тацьцяна Рыбакова кажа, што нават калі беларускі калій фармальна пачнуць экспартаваць амэрыканскія кампаніі, то ЗША ўсё адно давядзецца дамаўляцца з Эўразьвязам. Бо санкцыі ЭЗ уводзіліся не для таго, каб проста не пускаць беларускі калій на рынак.
«Амэрыканцы і эўрапейцы будуць дамаўляцца пра тое, якім чынам і што рабіць, бо для эўрапейцаў таксама важна, каб беларускі рэжым не атрымліваў грошай, а ня тое, каб беларускага калію не было на рынку. Для іх беларускі калій не зьяўляецца канкурэнтам. У ЗША не так шмат магчымасьцяў націснуць на ЭЗ. Сумняюся, што проста зараз, рэзка, гэта магчыма», — кажа Тацьцяна Рыбакова.
Што цяпер зь беларускім каліем
Да ўвядзеньня санкцыяў у 2020 годзе Беларусь прадала ў розныя краіны калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўны сьпіс пакупнікоў тады складалі Бразылія, Кітай, Індыя, ЭЗ, Інданэзія, ЗША.
У той час асноўная частка калію зь Беларусі ішла на экспарт праз Клайпедзкі порт у Літве.
Пасьля ўводу санкцыяў зьмянілася і лягістыка дастаўкі калію, і сьпіс краін — асноўных пакупнікоў. Пастаўляць гэты прадукт сталі праз парты Расеі. Беларусь з 2021 году закрыла афіцыйную статыстыку продажу калію. Аднак з статыстыкі гандлёвых партнэраў бачна, куды ў асноўным прадаецца гэтая прадукцыя.
Ілюстрацыйнае фота
За 9 месяцаў мінулага году Беларусь паставіла ў Кітай калію на 441,7 мільёна даляраў. Гэта на траціну менш, чым у такі ж пэрыяд летась. Беларусь апусьцілася ў сьпісе пастаўнікоў калію ў Кітай з другога на чацьвёртае месца.
Згодна з статыстычнымі зьвесткамі Бразыліі, продаж беларускіх тавараў у гэтую краіну з 2020 па 2024 год зьменшыўся ў 11,4 разы — з 540 мільёнаў даляраў да 47 мільёнаў. Аснову экспарту туды раней складалі якраз калійныя ўгнаеньні.
Індыя таксама істотна скараціла імпарт беларускага калію. У 2023 годзе асноўнымі пастаўнікамі сталі Расея і Канада, а аб’ём гэтага прадукту зь Беларусі скараціўся да некалькіх мільёнаў даляраў на год супраць 289 мільёнаў у 2020 годзе.
Экспарт беларускага калію мог вярнуцца на ўзровень аб’ёмаў дакрызісных часоў 2019–2020 году, як кажуць чыноўнікі, аднак гэта аб’ём у колькасьці, а не ў фінансах, бо прадаваць яго даводзіцца таньней. Пра гэта кажа Аліса Рыжычэнка.
«Беларусь не атрымлівае тую суму грошай, якую атрымлівала ў 2019 годзе. Гэта значыць, мы прадаем па моцным дэмпінгу цэн, амаль на 50%. Да таго ж павялічаныя лягістычныя выдаткі, бо лягістычнае плячо само па сабе стала даўжэйшым, большым і даражэйшым», — параўноўвае эканамістка.
Эканамічная аглядальніца Тацьцяна Рыбакова зьвяртае ўвагу, што для афрыканскіх краін, якія маюць патрэбу ў беларускім каліі, існуючы шлях паставак праз Расею далёка ня самы зручны. А беларускі калій застаецца галоўным канкурэнтам для расейскага «Уралкалія».