«Крэдыт застаецца заблякаваным, паколькі адзін лідэр не выконвае свае словы. Але дазвольце мне паўтарыць тое, што я ўжо казала ў Кіеве. Мы выканаем сваё абяцаньне так ці інакш», — працытавала Ўрзулю фон дэр Ляен Украінская служба Радыё Свабода.
Тое, што Ўкраіна атрымае эўрапейскі грошы, пацьвердзіў і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта. Паводле яго, лідэры краін Эўразьвязу на саміце не вярталіся да абмеркаваньня пытаньня крэдыту, але бралі слова, каб «дакладна асудзіць пазыцыю Віктара Орбана», які ня выканаў сваё абяцаньне падтрымаць выдзяленьне Ўкраіне фінансавых рэсурсаў.
«Усе лідэры павінны выконваць свае словы. І ніхто ня можа шантажаваць Эўрапейскую раду. Ніхто ня можа шантажаваць інстытуцыі Эўрапейскага Зьвязу. І мы павінны выканаць гэтае рашэньне (аб крэдыце. — РС)», — заявіў Кошта.
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады прывітаў абавязаньне Ўкраіны цягам паўгоду адрамантаваць трубаправод «Дружба», празь які Вугоршчына і Славаччына атрымлівалі расейскую нафту.
«Расея атакавала трубаправод „Дружба“ 23 разы. І ўжо ў 23 раз Украіна зноў яго будзе аднаўляць... Менавіта таму тое, што робіць Вугоршчына, зьяўляецца абсалютна непрымальным, і такія паводзіны ня могуць прыняць лідэры. І менавіта таму сёньня на Радзе лідэры былі вельмі дакладнымі і наўпрост асудзілі паводзіны Вугоршчыны», — рэзюмаваў Антонію Кошта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына заблякавала крэдыт Эўразьвязу для Ўкраіны ў памеры 90 мільярдаў эўраЭўрапейская рада на пасяджэньні 18 сьнежня 2025 году ўзгадніла рашэньне аб выдзяленьні Ўкраіне крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра. Адпаведнае рашэньне 14 студзеня 2026 году ўхваліла і Эўрапейская камісія. З таго часу Вугоршчына праз сваё нежаданьне адмаўляцца да паставак расейскай нафты блякуе выкананьне гэтага рашэньня.
Будапэшт адмовіўся падтрымаць адзін з трох дакумэнтаў, ухваленых Эўрапейскім парлямэнтам, патрэбных для разьмеркаваньня сродкаў, — папраўкі да доўгатэрміновага бюджэту ЭЗ на 2021–2027 гады.
Для выдачы крэдыту трэба ўхваліць тры рэглямэнты Эўразьвязу: аб рэалізацыі пашыранай супрацы ў стварэньні крэдыту падтрымкі для Ўкраіны на 2026 і 2027 гады; аб унясеньні паправак да Мэханізму падтрымкі Ўкраіны і аб унясеньні паправак у шматгадовую фінансавую праграму на 2021–2027 гады.
Усе тры заканадаўчыя акты ўхваліў Эўрапейскі парлямэнт, і яны знаходзяцца на заключнай стадыі зацьвярджэньня — у Радзе Эўразьвязу.
Першыя два дакумэнты могуць быць ухваленыя кваліфікаванай большасьцю дзяржаў ЭЗ, але трэці, які прадугледжвае зьмены ў доўгатэрміновым бюджэце Эўразьвязу, патрабуе толькі аднагалоснага зацьвярджэньня. Менавіта гэтыя зьмены Вугоршчына заблякавала.
Пры зацьвярджэньні крэдыту Ўкраіне ў сьнежні 2025 году Вугоршчына, Славаччына і Чэхія пагадзіліся дапамагчы толькі пры ўмове, што яны ня будуць несьці адказнасьці за выдаткі па крэдыце.
Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Вугоршчыне, прызначаных на 12 красавіка, Будапэшт выступіў супраць выдачы крэдыту Ўкраіне. Апытаньні паказваюць, што апазыцыйная партыя «Ціса» на чале з Пэтэрам Мадзьярам апярэджвае партыю «Фідэс» цяперашняга прэм’ер-міністра Віктара Орбана прыкладна на 10%, адзначае Financial Times.
Орбан даўно і пасьлядоўна вядзе антыўкраінскую палітыку. Вугоршчына традыцыйна выступае супраць ініцыятыў дапамогі Ўкраіне. У Кіеве часта абвінавачваюць урад Вугоршчыны ў правядзеньні пракрамлёўскай палітыкі. Вугорскія ўрадавыя дэлегацыі неаднаразова ўжо ў час паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны наведвалі Маскву і Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі атакавалі нафтаправод «Дружба» і цягнік ва Ўкраіне. Сярод пасажыраў ёсьць ахвяры