Пры земляных работах, якія вяла іншая арганізацыя без узгадненьня з РУП «Менскэнэрга», 19 сакавіка здарылася «мэханічнае пашкоджаньне абанэнцкіх кабэльных лініяў 10 кВ у Менскім раёне», паведаміла прадпрыемства.
Часова адключыліся кабэльныя лініі № 6 падстанцыі «Водазабор», № 3 і № 7 падстанцыі «Бараўляны».
«У сувязі з гэтым было часткова парушана электразабесьпячэньне шэрагу сацыяльна значных аб’ектаў, уключаючы НДІ анкалёгіі (РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава), раённую лякарню і інш.», — адзначыла «Менскэнэрга».
Дзякуючы аўтаматычнаму ўключэньню рэзэрвовых дызэльных электрастанцыяў электразабесьпячэньне адноўлена «ў найкарацейшыя тэрміны», запэўніваюць на прадпрыемстве.
Адмыслоўцы «Менскэнэрга» працягваюць працу «для нармалізацыі сытуацыі»: у аварыйна-аднаўленчыя работы залучаныя дзьве брыгады Менскіх электрычных сетак.
«Ідуць апэратыўныя пераключэньні і падача напружаньня спажыўцам», — заяўляюць на прадпрыемстве.
Пазьней энэргетыкі паведамілі, што цалкам вярнулі сілкаваньне ў сеткі спажыўцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэнэрга назвала прычыну перабояў у электрасетцы Менску, празь якія спыняліся трамваі і тралейбусы