Часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене падзялілася ў сваіх сацыяльных сетках здымкамі вызваленых беларускіх палітвязьняў.
Сярод іх Наста Лойка — праваабаронца, сяброўка Праваабарончага цэнтру «Вясна», асуджаная на 7 гадоў нібыта за «распальваньне варожасьці або звады». Таксама на здымках вызваленыя праваабаронцы Марфа Рабкова і Валянцін Стэфановіч.
Рабкова была за кратамі зь верасня 2020 году, Стэфановіч — зь ліпеня 2021 году, Наста Лойка з кастрычніка 2022 году.
Аста Андрыяўскене і Кацярына Андрэева
Джон Коўл і Эдуард Пальчыс
Акрамя таго, на здымку з спэцыяльным прадстаўніком ЗША Джонам Коўлам ёсьць Эдуард Пальчыс, вядомы блогер і суарганізатар сьвяткаваньняў гадавінаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Таксама на здымках Кацярына Бахвалава (Андрэева) — журналістка тэлеканалу «Белсат». У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» — і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто выйшаў і каго вывезьлі з Беларусі? Спэцыяльны эфір пра вызваленьне палітвязьняў