Наўседа паведаміў, што напярэдадні сустракаўся з Коўлам у Вільні. Афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу ад ягонай адміністрацыі і прэс-службы не было.
«Так, магчыма, [Аляксандар Лукашэнка] можа стварыць даволі спрыяльны фон для ілюзіяў альбо спробаў уявіць, што ён можа наблізіцца да Захаду, бо існуе вельмі шмат аб’ектыўных прычынаў, празь якія ён ня можа [гэтага зрабіць]», — цытуе прэзыдэнта Літвы LRT.
Пры гэтым ён адзначыў, што на сустрэчы з Коўлам пытаньне санкцыяў супраць Менску не абмяркоўвалася.
Больш увагі варта надаваць рэальным дзеяньням Лукашэнкі, а не ягоным словам, лічыць Наўседа.
«Гэтыя рэальныя дзеяньні паказваюць, што ён ні на ёту не набліжаецца да Захаду — разьмяшчаючы „Арэшнік“, дапамагаючы Расеі ўчыняць атакі бесьпілётнікамі супраць Украіны, проста сваёй агрэсіўнай рыторыкай, сваімі балёнамі [з кантрабанднымі цыгарэтамі] ды іншымі рэчамі. Няма ніякіх прычынаў думаць, што нешта мяняецца ў сутнасьці», — заявіў літоўскі прэзыдэнт.
Паводле яго, намаганьні ЗША ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў «заслугоўваюць ухвалы», аднак Лукашэнка «выкарыстоўвае і гэтую сфэру ў сваіх мэтах»:
«Бачачы, што яму выгадна гандляваць вызваленьнем палітычных вязьняў і разьлічваць на выгаду ў іншых галінах, ён, наадварот, атрымлівае матыў саджаць у турмы яшчэ больш людзей, каб у будучыні мець гэты вагар для атрыманьня яшчэ большай выгады. Гэта, я б сказаў, замкнёнае і вельмі заганнае кола».
18 сакавіка Джон Коўл сустрэўся ў Вільні таксама з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгай Ругінене.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Коўл прыехаў у Літву і абмеркаваў з прэм’ер-міністаркай Інгай Ругінене Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Менску абмеркаваў з прадстаўнікамі ЗША паляпшэньне двухбаковых адносін і вызваленьне беларускіх палітвязьняў