Праваабаронцы паведамілі аб вывазе палітвязьняў сама меней зь дзьвюх калёній у Беларусі

Магілёўская калёнія № 15. Ілюстрацыйнае фота

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што за дзень да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй адміністрацыі прэзыдэнта ЗША сама меней зь дзьвюх калёній Беларусі вывезьлі палітзьняволеных.

Як адзначаецца ў паведамленьні, 18 сакавіка зьняволеных вывезьлі з магілёўскай ПК-15 і наваполацкай ПК-1.

Праваабаронцы ня маюць інфармацыі, дзе яны цяпер знаходзяцца, але нагадалі, што ў мінулыя разы перад масавым вызваленьнем палітвязьняў іх перавозілі з калёній у менскі СІЗА КДБ, а адтуль ужо пазьней вывозілі з краіны.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што ў наваполацкай калёніі знаходзяцца журналіст Андрэй Аляксандраў, журналіст і дзеяч Саюзу палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут, музыка Tor Band Дзьмітры Галавач , а ў магілёўскай — Аляксандар Кардзюкоў, сьведак забойства берасьцейца Генадзя Шутава, журналіст Алег Супрунюк, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Менску абмеркаваў з прадстаўнікамі ЗША паляпшэньне двухбаковых адносін і вызваленьне беларускіх палітвязьняў