Як адзначаецца ў паведамленьні, затрыманы служыў у адным з падразьдзелаў Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны. Ён супрацоўнічаў з ФСБ Расеі і памежнай службай Беларусі.
Пры затрыманьні ў Харкаўскай вобласьці. Фота СБУ
Паводле СБУ, ён служыў апэратарам бесьпілётнікаў і перадаваў зьвесткі аб кірунках руху дронаў, іх відаў і колькасьці. Пазьней, выконваючы заданьне спэцслужбаў, перавёўся на пасаду апэратара наземных рабатызаваных комплексаў, якія эвакууюць параненых з поля бою, а таксама дастаўляюць боепрыпасы на ізюмскім кірунку ў Харкаўскай вобласьці.
Адначасова гэты чалавек зьбіраў зьвесткі аб дысьлякацыі і плянах сумежных падразьдзелаў украінскага войска.
Вайскоўца затрымалі ў Харкаўскай вобласьці, а пры вобшуках знайшлі два смартфоны «з доказамі яго работы на спэцслужбы РФ і Рэспублікі Беларусь».
Супраць затрыманага, якога ўжо арыштавалі і зьмясьцілі ў ізалятар, завялі крымінальную справу паводле ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны КардашСёлета 21 студзеня ў Кіеве затрымалі грамадзянку Беларусі Іну Кардаш з падазрэньнем у шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Справу супраць яе завялі 16 ліпеня 2025 году. Да таго сьледчыя ўжо вялі таемнае назіраньне за ёю, а падазрэньне ў шпіянажы ўручылі толькі ў дзень затрыманьня — 21 студзеня сёлета.
На судзе, калі разглядалася хадайніцтва пракурора аб арышце, затрыманая і яе адвакат заявілі аб неабгрунтаванасьці падазрэньняў і браку рызыкі, што яна будзе хавацца ад сьледзтва або іншым шляхам перашкаджаць сьледзтву. Але суд падтрымаў пазыцыю абвінавачваньня.
Справу Іны Кардаш расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.