Менск падтрымаў палову рэкамэндацыяў Рады правоў чалавека ААН — толькі тыя, якія не патрабуюць лібэралізацыі

Пасяджэньне Рады правоў чалавека ААН. Жэнэва, 2025 год

Улады ў Менску не падтрымалі заклікаў вызваліць палітвязьняў, спыніць перасьлед апазыцыі, ціск на СМІ і іншыя рэпрэсіі.

Аб прыняцьці 18 сакавіка 2026 году Радай правоў чалавека ААН (РПЧ) рашэньня ў выніку слуханьняў чацьвёртага Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА) па Беларусі паведамляе старонка РПЧ у Фэйсбуку.

Адзначаецца, што выніковы дакумэнт заснаваны на дакладзе Рабочай групы УПА і на дадатку да яго.

Паводле зьвестак Рады ААН, з 332 рэкамэндацыяў, атрыманых Беларусьсю ў чарговым Унівэрсальным пэрыядычным аглядзе ад 3 лістапада 2025 году, 166 былі падтрыманыя беларускай дзяржавай і 166 «прынятыя да ведама».

Згодна з аналізам «Позірку», афіцыйны Менск падтрымаў пераважна рэкамэндацыі, якія не патрабуюць якой-небудзь палітычнай лібэралізацыі, якія тычацца некаторых сацыяльна-эканамічных правоў, тэхнічнага ўзаемадзеяньня з мэханізмамі ААН. Таксама прынятыя агульныя фармулёўкі аб неабходнасьці «ўмацоўваць вяршэнства права» і «ўдасканальваць судовую сыстэму».

«Прынятыя да ведама» (фактычна — адхіленыя) патрабаваньні вызваліць палітвязьняў, спыніць перасьлед апазыцыі, спыніць ціск на СМІ і іншыя рэпрэсіі, забясьпечыць свабоду сходаў, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, спыніць палітычна матываваныя судовыя працэсы, супрацоўнічаць з носьбітамі незалежнага мандату ААН у правах чалавека.

У той жа час Менск не адхіліў рэкамэндацыяў стварыць нацыянальны орган у правах чалавека, падвышаць кваліфікацыю судзьдзяў, паляпшаць доступ да правасудзьдзя. Фармальна падтрыманая прапанова рабіць захады для перадухіленьня катаваньняў і паляпшэньня ўмоваў утрыманьня зьняволеных, але без міжнароднага маніторынгу або незалежных расьсьледаваньняў гэтага пытаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве прайшла дыскусія аб правах чалавека ў Беларусі, выступілі экспэрты ААН і прадстаўніца беларускіх уладаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада правоў чалавека ААН  працягнула мандаты дакладчыка і групы экспэртаў у пытаньнях Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Right Watch канстатуе пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі