«Хадзілі чуткі, што Мілінкевічам кіруе жонка». Плошча-2006 вачыма Іны Кулей

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей з пасьведчаньнем аб рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 году

19 сакавіка 2006 году ў Беларусі прайшлі трэція прэзыдэнцікя выбары, вынікі якіх не былі нечаканасьцю. Нечаканасьцю вясны-2006 стала Плошча і намётавае мястэчка. Пагаварылі пра тыя падзеі з жонкай адзінага кандыдата ад апазыцыі Інай Кулей.

«Тэрыторыя свабоды»

19 сакавіка 2006 году ў Беларусі прайшлі трэція прэзыдэнцікя выбары, у якіх удзельнічалі 4 кандыдаты: тры Аляксандры — Казулін, Лукашэнка, Мілінкевіч — і Сяргей Гайдукевіч. Увечары на Кастрычніцкай плошчы адбыўся вялікі мітынг, арганізаваны прыхільнікамі Мілінкевіча і Казуліна. У панядзелак людзі, абураныя абвешчанымі Цэнтарвыбаркамам лічбамі, зноў сабраліся на Плошчы. Лукашэнка нібыта набраў 82% галасоў, Мілінкевіч — 6%, Гайдукевіч — 3,5%, Казулін — крыху больш за 2%. На мітынгу

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня сыдзе з Плошчы ўсю ноч. Ён заклікаў прысутных, каб тыя папрасілі сваіх родных прынесьці гарбату і ежу.

Менавіта Плошча, а не прэзыдэнцкія выбары, дамінавала на экранах усясьветных тэлеканалаў, на першых палосах вядучых эўрапейскіх і амэрыканскіх газэт, у радыёэтэры й інтэрнэце.

Пратэставы намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года стаў сымбалем тых выбараў

«Тэрыторыя свабоды», «Бітва за Беларусь», «Плошча дэмакратыі», «Тысячы пратэстуюць» — дзясяткі падобных загалоўкаў, рэпартажаў, інтэрвію і фота зь Менску сьведчылі пра іншы выбар.

Першы намёт паўстаў на Плошчы ў панядзелак, 20 сакавіка, а 19:30, а ў пятніцу 24 сакавіка ў 3:30 начы аўтазакі, куды закідвалі абаронцаў Плошчы, накіраваліся да турмы. Чатыры ночы і тры дні свабоды. Больш за 500 затрыманых.

25 сакавіка ў парку Янкі Купалы адбылося сьвяткаваньне Дня Волі, пасьля якога Аляксандар Казулін павёў частку ўдзельнікаў у бок турмы на завулку Акрэсьціна. Тады людзей жорстка пабілі і разагналі сьвятлашумавымі гранатамі. Аляксандар Казулін быў асуджаны на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Як разьвіваліся падзеі ў дзень выбараў і ўвесь наступны тыдзень, Свабодзе расказала жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, якая разам з мужам была і на ўсіх мітынгах, і на Плошчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамагчы дыктатуру: навука «Плошчы-2006» у сьвятле рэвалюцыі 2020 году

«Вера была мацнейшая за страх»

— Спадарыня Іна, у дзень выбараў 19 сакавіка Аляксандар Мілінкевіч, які да таго актыўна праводзіў перадвыбарчую кампанію, езьдзіў па рэгіёнах, сустракаўся зь людзьмі, раптоўна зьнік. Журналісты забілі трывогу: «Што здарылася? Можа, затрымалі?» Куды зьніклі вы і Аляксандар Мілінкевіч, ня ведалі нават вашы сыны. Раскажыце пра гэтае таямнічае зьнікненьне.

— Перад самымі выбарамі пачаліся затрыманьні кіраўнікоў штабоў Аляксандра Мілінкевіча па ўсёй Беларусі, прэвэнтыўна затрымлівалі актывістаў у рэгіёнах — каб людзі не змаглі прыехаць у Менск або пратэставаць у сваім горадзе. Было прынята рашэньне — трэба захаваць лідэра. Калі ён заклікаў людзей выйсьці на Плошчу і ў тэлевізіі, і на сустрэчах у рэгіёнах — было вельмі важна, каб ён прыйшоў на гэтую Плошчу.

І тады Сяргей Калякін, які быў кіраўніком штабу, распрацаваў спэцапэрацыю. У суботу 18 сакавіка мы паехалі на сустрэчу з выбарнікамі. Нас пастаянна суправаджалі нейкія машыны, за намі сачылі. Сустрэчу прызначылі ў бары «Паляўнічы» на праспэкце Незалежнасьці. Кіроўца падвёз нас да галоўнага ўваходу, мы прайшлі праз кухню ў двор. Там нас чакалі старэнькія «Жыгулі», куды мы хуценька селі, прыкрыліся пледам і паехалі на адмыслова зьнятую на ўскрайку Менску кансьпірацыйную кватэру, у якой з намі быў Аляксей Янукевіч. І мы нідзе не зьяўляліся 19 сакавіка. Аляксей празь «левы» тэлефон атрымліваў інфармацыю, як на Кастрычніцкай плошчы ўвечары зьбіраюцца людзі.

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч са сваёй жонкай Інай Кулей падчас галасаваньня на выбарчым участку ў Менску, 2006 год

На Плошчу мы крыху спазьніліся — не разьлічылі час, да таго ж былі заблякаваныя дарогі, перакрытыя выезды. Але калі ўбачылі, колькі народу на Кастрычніцкай плошчы, то былі агаломшаныя — нягледзячы на запалохваньні, пагрозы, народ прыйшоў! Я памятаю, як апавядалі людзі, якія жылі каля цырку і Дому вэтэранаў, што яны трымалі адчыненымі пад’езды, каб народ мог схавацца, калі будуць разганяць. Такія кранальныя аповеды!

Мы стаялі крыху на ўзвышку, на прыступках Палацу прафсаюзаў — і да ўнівэрсаму «Цэнтральны» бачылі людзкое мора. Нават міліцэйскія падлікі сьведчылі, што на Плошчы былі больш за 30 тысяч чалавек.

Сьнежная бура і кветкі да Вечнага агню

— Раптам наляцеў ураган, сьнегавая бура — на ваш погляд, што гэта было?

— Так, імгненна пачаўся моцны сьнегапад, завея была такой магутнай, што людзі ня бачылі адно аднаго. Яна была кароткай і так жа раптоўна скончылася, як і пачалася. Пазьней казалі, што, магчыма, гэта было зроблена адмысловымі снегавымі гарматамі — выстрэльвалі сьнегам. Проста такую раптоўную і магутную завею, сьнегапад немагчыма ўявіць. Ён быў надзвычайны і такі кароткі! Мабыць, спадзяваліся, што людзі разьбягуцца, але гэтага не адбылося!

Аляксандар Мілінкевіч з Інай Кулей на прыступках палаца культуры Прафсаюзаў. Вечар 19 сакавіка 2006 году

Людзі былі натхнёныя падзеямі ў Сэрбіі, Грузіі, Украіне, яны спадзяваліся, што зьмены могуць адбыцца і ў Беларусі.

Вера была мацнейшая за страх, вочы ў людзей гарэлі, адчуваньне, што нас шмат, мы ўсе аднадумцы — надавала сілы…

— Каму належала ідэя ісьці на плошчу Перамогі і ўскладаць кветкі да Вечнага агню? Не было прапановаў заставацца на Плошчы ўжо ў першы вечар?

— Ісьці на плошчу Перамогі і ўскладаць кветкі прапанаваў Аляксандар Казулін. Штаб Аляксандра Мілінкевіча казаў, што яшчэ няма вынікаў выбараў. І было ваганьне: застацца адразу на Кастрычніцкай плошчы ці потым вярнуцца. Напэўна, трэба было не сыходзіць з Плошчы ў першы дзень, магчыма, тады мы зрабілі памылку. Але гісторыю не павернеш назад.

Да наступнага дня ўсё было спакойна. Раніцай мы прыехалі ў штаб. Там зьбіралі інфармацыю з рэгіёнаў, назіральнікі дасылалі выніковыя матэрыялы — рыхтавалі інфармацыю, каб данесьці яе людзям.

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей у дзень рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. 17 лютага 2006 году

Вядома, ніхто не паверыў у афіцыйныя лічбы — што за Мілінкевіча прагаласавалі толькі 6%. Я ж езьдзіла зь ім па рэгіёнах, была на ўсіх сустрэчах зь людзьмі — паўсюль людзі нас падтрымлівалі. Лічба была сьмешная — гэта было відавочна! Лічба проста абражала людзей — іх голас нічога ня значыць, улады могуць напісаць усё што заўгодна.

Вельмі важна, што людзі прыйшлі і на другі дзень. Іх сабралася, мабыць, ня менш, чым у дзень выбараў.

— У каго і як узьнікла ідэя арганізаваць намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы?

— У штабе гучалі прапановы арганізаваць намётавае мястэчка. Ня ўсе пагаджаліся, былі спрэчкі. І ў першую чаргу не таму, што гэта ня варта, няправільна, гэта непатрэбны пратэст, а таму, што трэба было запэўніць людзям бясьпеку. Па-другое — гэта цэнтар гораду, было зразумела, што ўлады не дазволяць доўгі час існаваць гэтаму пратэсту. Намёты рыхтаваў і штаб Мілінкевіча, але тыя штабныя намёты, на жаль, не ўдалося даставіць на Плошчу — людзей зь імі затрымалі ў парку Янкі Купалы.

Першыя намёты

— Спадарыня Іна, Вы з мужам пастаянна былі з моладзьдзю на Плошчы, дзьве ночы правялі з пратэстоўцамі, часта выступалі на мітынгах. Якія Вашы самыя яскравыя ўражаньні?

— Ніколі не забуду першую ноч… Калі Мілінкевіч сказаў, што мы застанемся на Плошчы, гэта было вельмі кранальна. З намі ўсю ноч быў Віктар Івашкевіч, у якога балелі ногі, ён трымаўся з кіёчкам. А шостай раніцы над Плошчай загучаў „Магутны Божа“, яго ўключыў менавіта Віктар. Узыходзіла сонца, і ўсе, хто быў на Плошчы, падхапілі і падпявалі. Гэта было такое пачуцьцё духоўнай перамогі, перамогі праўды! І людзі проста крылы расправілі!

Пратэставы намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года

Я проста схіляю галаву перад камэндантам лягеру Алесем Мазурам і Вячаславам Сіўчыкам за арганізацыю. Такі ўзорны парадак, усё было адладжана. Калі прыяжджалі людзі з розных краінаў, яны казалі, што ў нас надзвычайная моладзь, разумная, ветлівая, выхаваная, вочы гараць.

Былі групы аховы: дужыя хлопцы стаялі ў ланцугу дзень і ноч, узяўшыся за рукі, закрывалі сабой намёты. Дзяўчаты гатавалі ежу. Безьліч людзей, рызыкуючы свабодай, прыносіла ежу, літаральна абматаўшыся сасіскамі і каўбасамі, цёплыя рэчы, коўдры. Быў мэдычны намёт, бо было холадна, людзі прастудзіліся. Атмасфэра на Плошчы была цудоўная. Аляксандар Мілінкевіч па некалькі разоў у дзень выступаў. Людзі скандавалі „Мілінкевіч“.

— А чым Аляксандар Мілінкевіч заваяваў такую папулярнасьць, нават любоў у моладзі?

— Аляксандар паводле першай адукацыі выкладчык фізыкі, ён праводзіў заняткі ў беларускіх унівэрсытэтах, працаваў ў Альжыры — чытаў лекцыі па-француску. Нягледзячы на тое, што публічна ён выступаў шмат, у яго такі характар, што ён заўсёды хвалюецца, мае ўнутраную адказнасьць. Выступы Мілінкевіча на Плошчы не былі дзяжурна-пратакольнымі, яны ішлі ад сэрца, ад душы. Памятаю, як мы хадзілі па намётах, знаёміліся зь людзьмі — хто яны, адкуль. Ён адчуваў вялікую адказнасьць за тое, што практычна дзеці мерзнуць, ім немагчыма нармальна харчавацца, выйсьці ў прыбіральню. Ён як бацька, як мужчына адчуваў унутраную адказнасьць, размаўляў з кожным. Выступы былі цёплымі, зь вялікай павагай да гэтай моладзі.

— Ці праводзіў тады спадар Аляксандар перамовы з прадстаўнікамі ўлады, міліцэйскім начальствам? Можа, яны выходзілі на кантакт зь ім — каб народ разышоўся?

— Не. Аляксандар сам падыходзіў да вялікіх чыноў, якія звычайна стаялі на ганку Палацу Рэспублікі, было некалькі спробаў зь імі пагаварыць. Ён даводзіў, што гэта мірная акцыя, што мы ня маем зброі, ніхто не зьбіраецца штосьці ламаць, а людзі маюць права выказацца, іх галасы павінны быць пачутыя, прасіў дазволіць штосьці прывезьці…

Казулін і Мілінкевіч разам падымаюць рукі ў жэсты адзінства падчас сустрэчы з выбаршчыкамі напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбаараў ў Менску, 17 сакавіка 2006 года

Ён вёў перамовы з амбасадарамі, каб тыя дамовіліся пра магчымасьць праходу людзей, каб народ не затрымлівалі. Дыпляматы прыходзілі на Плошчу, выступалі перад моладзьдзю. Сяброўства зь імі потым доўжылася шмат гадоў.

Пра разгон Плошчы Мілінкевічу паведаміў брытанскі амбасадар

— Раскажыце пра разгон намётавага мястэчка. Ці былі вы ў тую ноч на Плошчы?

— Гэта была адна з начэй, калі мы не засталіся. Мы здымалі двухпакаёўку каля аэрапорту, з намі жыў прэс-сакратар, памочнікі. Прыходзілі туды і начаваць, і дняваць — паспаць пару гадзін пасьля ночы на Плошчы. Прыехалі мы туды каля 12-й начы пасьля наўпроставага эфіру Радыё Свабода — размаўлялі з журналістам Валерам Каліноўскім. Зьбіраліся крыху паспаць і, а 5-й раніцы вярнуцца на плошчу. А другой гадзіне начы нам патэлефанаваў тагачасны амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт. Ён быў першым, хто нам паведаміў, што намётавае мястэчка разганяюць. У тую ноч быў на Плошчы і наш сын Ігар. Мы вельмі хутка прыехалі туды, але засталі ўжо трактары і бульдозэры, якія зачышчалі тэрыторыю. Было вельмі горка ўсьведамляць, што адбылося…

— І ўсё ж амаль пяць дзён на цэнтральнай плошчы сталіцы стаялі пратэстоўцы, намётавы лягер. Чаму ўлады гэта дапусьцілі?

— Па-першае, міжнародная супольнасьць вельмі пільна сачыла за выбарамі. Мілінкевіч быў легітымна абраным кандыдатам, перамог на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Аляксандру перад выбарамі наўпрост на мабільнік тэлефанаваў Саляна, хоць яны не былі блізка знаёмыя (Хавіер Саляна ў той час быў Генэральным сакратаром Рады Эўразьвязу і Высокім прастаўніком у замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі, а раней генэральным сакратаром NATO. — РС). Ён запытваўся, як Аляксандар, які ў яго настрой, запрашаў пасьля выбараў да сябе. Гэта была абарона.

Масавая акцыя пратэсту прыхільнікаў апазіцыі ў цэнтры Мінска 25 сакавіка 2006 года (Дзень Волі)

А другая лінія абароны — гэта журналісты. Яны абаранялі і намётавае мястэчка, і нас, і штаб. Яны дзень і ноч прысутнічалі на Плошчы: бралі інтэрвію, здымалі відэа. І гэта стрымлівала лукашыстаў, каб адкрыта біць людзей, адкрыта праяўляць сваю агрэсію. Лукашэнку тады яшчэ хацелася здавацца легітымным. Дый улада пачувалася даволі ўпэўнена, эканоміка была моцнай, была падтрымка Масквы — і маральная і матэрыяльная.

Камітэт салідарнасьці і праграма Каліноўскага

— Што вы з Аляксандрам рабілі пасьля разгону Плошчы? Як хапіла сіл правесьці сьвяткаваньне Дня Волі?

— У пятніцу пасьля разгону лягеру была разгубленасьць. Куды павезьлі людзей, што зь імі? Большасьць затрыманых — моладзь, іх шукалі бацькі, езьдзілі па РАУСах.

Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей. Фота з прыватнага архіву

Мой сын знаходзіўся ў Жодзінскім СІЗА, мы паехалі туды, размаўлялі зь іншымі бацькамі. І вырашылі, што трэба сканцэнтравацца на дапамозе пацярпелым: рыхтаваць перадачы, арганізоўваць аўтобусы для сустрэчы людзей, хадзіць па судах. Тады паўстаў Камітэт салідарнасьці, які я ўзначальвала цягам 17 гадоў.

А потым зьявілася праграма Каліноўскага. Як толькі мы даведаліся, што на Плошчы былі затрыманыя шмат студэнтаў, ім пагражае адлічэньне, Мілінкевіч зьвярнуўся на мітынгу да Польшчы, да палякаў: „Хто, калі ня вы, можаце нам дапамагчы? Вы прайшлі праз „Салідарнасьць“, ваша моладзь вымушана была зьяжджаць з краіны вучыцца. Дапамажыце». І, як апавядаў дырэктар праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі, ён, пачуўшы гэты заклік, літаральна на наступны дзень зьвярнуўся да прэм’ера Польшчы Казімежа Марцінкевіча, і так была закладзеная праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў.

— А як хапіла сіл на арганізацыю і правядзеньне мітынгу, прысьвечанага Дню Волі, у парку Янкі Купалы?

— Нягледзячы на разгон намётавага мястэчка, настрой быў узьнёслы. Субота 25-га была надзвычай сонечнай і цёплай у параўнаньні з папярэднімі марознымі днямі. Мілінкевіч і Казулін загадзя заклікалі прыйсьці на мітынг, бо гэта галоўнае беларускае сьвята — сьвята Незалежнасьці. І хоць усе ведалі пра брутальны разгон Плошчы, на мітынг у парк Янкі Купалы людзі ішлі зь дзецьмі, з балёнікамі — як на сьвята.

З аднаго боку яны дэманстравалі: «нас не запужаеш», а з другога боку — «нас шмат!» Не было разгубленасьці, было натхненьне.

«Мірныя людзі супраць кратаў і сілавікоў — гэта вар’яцтва»

— Хто заклікаў людзей пайсьці на Акрэсьціна? І чаму Аляксандар Мілінкевіч не пайшоў?

— Усе актывісты з нашага боку былі катэгарычна супраць, каб людзі ішлі да Акрэсьціна. Аляксандар Мілінкевіч казаў, што ня варта ісьці. Я таксама размаўляла з прадстаўнікамі штабу Казуліна, адгаворвала іх…

Тады здавалася, што, маўляў, гэта праяўленьне моцы, гонару. Маўляў, Аляксандар Мілінкевіч — слабы духам, ён пабаяўся, а вось Аляксандар Казулін — былы марскі пяхотнік, ён такі мужны, павёў людзей!

Масавая акцыя пратэсту прыхільнікаў апазіцыі ў цэнтры Менску 25 сакавіка 2006 года

Мой муж — вельмі мужны чалавек, упарты, устойлівы, і ён даказаў гэта сваім жыцьцём. Ён не ламаўся, ня здрадзіў. І застаецца і цяпер чалавекам вельмі моцнага духу (гэта праўляецца нават зараз, у змаганьні з хваробай).

Але тут гаворка не пра мужнасьць, а пра адказнасьць. Было зразумела, што рыхтуецца правакацыя. І было відавочна, што процістаяць сілавікам, ведаючы, як брутальна разагналі Плошчу, як затрымлівалі людзей і зьдзекаваліся зь іх на Акрэсьціна — гэта безадказна, гэта азначае падставіць мірных людзей пад пабіцьцё. Для мяне гэта не выглядае як мужнасьць. Выглядае як безадказнасьць, неабачлівасьць, правакацыя.

Хто сёньня гатовы выйсьці на вуліцы ў Беларусі? Самагубцы. Жыцьцё чалавека, яго здароўе — самае важнае, пра што павінен думаць палітык. Ня трэба было весьці людзей на Акрэсьціна. Мірныя людзі супраць кратаў і сілавікоў — гэта вар’яцтва.

Я лічу, што тады спадар Казулін паступіў неабачліва ў дачыненьні і да сябе, і да людзей. Людзі пацярпелі, гэта моцна ўдарыла і па адчуваньні бясьпекі ў людзей, і па будучых магчымасьцях на колькі гадоў.

«Беларусы даказалі і ў 2006 годзе, што мы годны народ»

— Адкуль у спадара Аляксандра браліся сілы — жыць у такім напружаным рэжыме? І ў вас — пастаянна быць побач зь ім: на ўсіх сустрэчах з выбарнікамі, на мітынгах, на Плошчы?

— Хадзілі чуткі, што Мілінкевічам кіруе жонка. Магчыма, іх разьдзімалі адмыслова. Але Аляксандар мае вельмі моцны ўнутраны стрыжань. Ён моцны духам чалавек, уважлівы, пасьлядоўны, сумленны. І выхаванасьць, інтэлігентнасьць, ветлівы характар, эмпатычнае стаўленьне да людзей ня робяць яго слабым. Я ганаруся ім.

У яго на першым месцы — адказнасьць за людзей, за моладзь на Плошчы, за будучыню краіны. Гэта і надавала сілы.

— 20 гадоў прайшло з таго часу. Як Вы цяпер ацэньваеце тыя падзеі? Ці варта было выходзіць на Плошчу?

— Усе, хто прайшоў Плошчу ў 2006-м, — «каліноўцы». Гэта ганаровае званьне на ўсё жыцьцё. Мы — удзельнікі найноўшай беларускай гісторыі. Гэта надае і гонар, і ўсьведамленьне таго, што мы мусім працягваць гэты дух свабоды. Я бачу па тых, хто прайшоў тады Плошчу, што яны не зьмяніліся, гэта моцныя духам людзі, у іх засталася зорачка, агеньчык, які яны запалілі ў сабе ў 2006-м.

Сваякі затрыманых пратэстоўцаў стаяць у чарзе каля ізалятара на завулку Акрэсьціна ў Менску, сакавік 2006 года

А новым дэмакратам я хацела б нагадаць, што не ў 2020 годзе пачалася новая гісторыя Беларусі, як і Беларусь пачалася не ад Вялікай Айчыннай вайны, як любяць гаварыць лукашысты. Трэба памятаць і абпірацца на той шлях, які прайшлі дэмакратычныя сілы і ўвесну 1996-га, у 2001-м, 2006-м, 2010-м. Трэба рабіць высновы, працу над памылкамі і ісьці наперад. Беларусы і ў 2006-м даказалі, што мы годны народ. Асабліва гэта трэба ўсьведамляць людзям новага пакаленьня, якія думаюць, што да іх нічога не было.