Джон Коўл прыехаў у Літву і абмеркаваў з прэм’ер-міністаркай Інгай Ругінене Беларусь

Інга Ругінене з Джонам Коўлам 18 сакавіка 2026 год, фота літоўскага ўраду

У Літве з візытам знаходзіцца спэцыяльны прадстаўнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл.

Падчас паездкі ён сустрэўся з прэм’ер-міністаркай краіны Інгай Ругінене, паведаміла LRT.

Падчас сустрэчы кіраўніца ўраду падзякавала амэрыканскаму дыплямату за намаганьні, накіраваныя на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Яна падкрэсьліла, што пазыцыя Літвы застаецца нязьменнай: у Беларусі павінныя спыніцца рэпрэсіі, а ўсе палітычныя зьняволеныя мусяць быць вызваленыя.

Бакі таксама абмеркавалі пытаньні рэгіянальнай бясьпекі. Літоўскі бок лічыць, што Беларусь застаецца адной з галоўных пагрозаў у рэгіёне. У якасьці прыкладаў называліся гібрыдныя дзеяньні — незаконная міграцыя, кантрабанда, інцыдэнты з грузавым транспартам, а таксама падтрымка Расеі ў вайне супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандаль як пры перамовах з тэрарыстамі», — Бяляцкі пра візыт Коўла, вызваленьні палітвязьняў, Статкевіча і Гаагу для Лукашэнкі

Акрамя таго, было адзначана, што Эўразьвяз працягвае ўзгоднены курс у дачыненьні да Беларусі, у тым ліку праз захаваньне санкцыяў.

Ругінене таксама падкрэсьліла важнасьць стратэгічнага партнэрства з ЗША і саюзьніцкіх адносінаў паміж дзьвюма краінамі.

Раней паведамлялася, што пасьля наведваньня Вільні Джон Коўл зьбіраецца ехаць у Менск. Ягоныя папярэднія візыты суправаджаліся вызваленьнем часткі палітвязьняў.