«Паведамленьні пра арганізаваную ўрадам Беларусі сустрэчу зь перавозчыкамі варта разглядаць як чарговую прапагандысцкую акцыю, якая ёсьць часткай гібрыднай кампаніі рэжыму, закліканай узмацніць ціск на Літву», — заявіла міністэрства ў камэнтары для навінавага агенцтва BNS.
Паволе літоўскага МЗС, Беларусь незаконнымі і аднабаковымі дзеяньнямі наўмысна затрымала і не выпускае са сваёй тэрыторыі зарэгістраваныя ў ЭЗ грузавыя транспартныя сродкі, пагражаючы іх канфіскацыяй.
МЗС Літвы патрабуе ад Беларусі вызваліць затрыманыя грузавікі і паўпрычэпы, а таксама спыніць запускі кантрабандысцкіх паветраных шароў у Літву.
Эўракамісія назвала дзеяньні беларускіх уладаў непрымальнымі і неабгрунтаванымі
Пытаньне затрыманьня ўладамі Беларусі транспартныз сродкаў, зарэгістраваных у ЭЗ, разглядаецца на найвышэйшым узроўні Эўрапейскага зьвязу і ўжо вынесенае на міжнародны парадак дня, заявілі ў Эўрапейскай камісіі, перадае LRT.
Такі адказ ад Эўракамісіі атрымала Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў «Linava», якая ў пачатку сакавіка зьвярнулася ў камісію наконт захраслых транспартных сродкаў і нанесенай шкоды, паведаміла «Linava» ў сераду.
У МЗС Беларусі хацелі б, каб сытуацыя паставіла на парадак дня выкарыстаньне «транзытных магутнасьцяў Літвы»
Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын правёў сустрэчу зь літоўскімі і польскімі перавозьнікамі, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Мы, нягледзячы на адкрыта недружалюбную палітыку суседніх дзяржаваў, займаем канструктыўную пазыцыю і маем намер максымальна ўлічваць інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў. Нягледзячы на магчымасьць канфіскацыі транспартных сродкаў, беларускі бок дакладна ня мае намераў і жаданьня гэтым скарыстацца. Наша жаданьне — канструктыўна дамовіцца і выйсьці з сытуацыі, што склалася», — працытавала агенцтва Турчына.
Разам з тым Аляксандар Турчын дадаў, што літоўскі бок павінен кампэнсаваць выдаткі на перахоўваньне транспартных сродкаў.
Турчын адзначыў, што беларускі бок цягам «усіх чатырох месяцаў» прапаноўваў калегам зь Літвы правесьці сустрэчу і перамовы для «ўрэгуляваньня гэтага і іншых пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях».
«На жаль, імаверна, у літоўскага ўраду ёсьць больш важныя справы, чым займацца праблемамі ўласнага бізнэсу», — дадаў ён.
З заявай выступіў і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта.
Ён заклікаў улады Літвы падтрымліваць «нармальныя працоўныя кантакты», «незалежна ад таго, якая сытуацыя ў нас». Назваў кантрабанду паветранымі балёнамі «звычайнай транснацыянальнай злачыннасьцю», у якой удзельнічаюць палякі і літоўцы, запярэчыўшы вызначэньню яе як гібрыднай атакі. І сказаў, што тэхнічных кансультацый памежнікаў недастаткова.
«Тут патрабуецца больш сур’ёзны ўзровень, і мы будзем абмяркоўваць пэрспэктывы працы на мяжы, магчымасьці выкарыстаньня ў тым ліку транзытных магутнасьцяў Літвы. Гэта вялікі комплекс пытаньняў, які выходзіць за межы паўнамоцтваў памежных упаўнаважаных», — заявіў Сякрэта.
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі дагэтуль не дазваляе літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.
Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Беларусі заявіў, што грузавікі зь літоўскімі нумарамі ня будуць канфіскоўваць, але плату за іх «захоўваньне» спагоняць