Кіраўнік дыяспары беларусаў у Крыме выступіў у падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны

Раман Чагрынец. Архіўнае фота

Старшыня рады рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец выступіў у Менску з прарасейскімі заявамі.

Сярод іншага Раман Чагрынец заявіў, што дзень «аб’яднаньня» Крыму з Расеяй нібыта павінен адзначацца і ў Беларусі.

«Дзень узьяднаньня Крыму з Расеяй — гэта дзяржаўнае сьвята ў Расейскай Фэдэрацыі. Мы жывём у агульнай дзяржаве, якая называецца саюзнай, таму я ўпэўнены, што сьвята важнае ня толькі для Крыму і Расеі, а і, вядома ж, для Беларусі. Усё ж Крымская вясна стала паваротным, на мой погляд, момантам у геапалітычным жыцьці сьвету», — сказаў Раман Чагрынец.

Запіс зь яго выказваньнем апублікавалі ў Telegram-канале «Русский дом в Минске», у якім два дні таму адбыўся круглы стол на тэму «Крымская вясна: досьвед інтэграцыі, гуманітарныя, культурныя, палітычныя і эканамічныя аспэкты».

Паводле Чагрынца, крымскія падзе 2014 году нібыта зрушылі працэсы ўва ўсім сьвеце.

«Сьвет мяняецца. Так, крымчане прыклалі да гэтага руку. Крым — гэта яскравы прыклад таго, як можна абсалютна без адзінага стрэлу, толькі за кошт рашэньня і думкі людзей, вярнуць на радзіму такую вялікую тэрыторыю. Крымчане зрабілі свой выбар, і рэфэрэндум паказаў, што гэты выбар быў абсалютна правільным», — сказаў кіраўнік крымскай арганізацыі беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўвыспа разладу. Чаму за 10 гадоў Лукашэнка так і ня выбраўся ў анэксаваны Крым

Чаму заява Чагрынца непраўдзівая

Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым і горад Севастопаль у сакавіку 2014 году, калі ва Ўкраіне ішлі працяглыя акцыі пратэсту супраць рашэньня тагачасных уладаў спыніць эўрапейскую інтэграцыю Ўкраіны. Перад гэтым Расея ўвяла ў Крым свае войскі і вайсковую тэхніку без апазнавальных знакаў.

Незаконны рэфэрэндум, які арганізавалі прарасейскія сілы ў Крыме, праходзіў пад кіраваньнем з Масквы і пад наглядам узброеных «зялёных чалавечкаў», што, як пазьней прызнаў Пуцін, належалі да расейскай арміі.

У Кіеве і ў краінах Захаду гэты фіктыўны рэфэрэндум і анэксію Крыму не прызналі.

Падчас незаконных дзеяньняў у Крыме ўзброеныя расейскія войскі захапілі органы ўлады, вайсковыя мястэчкі, караблі, аэрапорт, іншыя аб’екты.

Пры штурме парлямэнту Аўтаномнай Рэспублікі Крым загінулі двое цывільных, а калі расейцы захоплівалі цэнтар Ўзброеных сілаў Украіны ў Сімферопалі, загінулі адзін украінскі вайсковец і адзін цывільны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Расеяй Крыме заявілі аб падпісаньні новых дамоваў аб супрацы зь Беларусьсю