Белстат пацьвердзіў, што беларусы сталі менш хадзіць у рэстарацыі і кавярні

Рэстарацыя ў Менску. Архіўнае фота

Практычна спыніўся рост у раздробным гандлі, а выручка ў грамадзкім харчаваньні Беларусі абвалілася.

Як паведамляе Белстат, раздробны таваразварот у студзені–лютым 2026 году вырас на 1,6% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня–лютага папярэдняга году. Зьвесткі па раздробным таваразвароце ў Менску выглядаюць горш: у параўнаньні са студзенем-лютым 2025 году ён вырас толькі на 1%.

Белстат, у прыватнасьці, паведаміў пра вынікі працы ўстановаў грамадзкага харчаваньня ў студзені–лютым 2026 году.

«Таваразварот грамадзкага харчаваньня ў студзені–лютым 2026 году склаў 1,1 млрд рублёў, або 96,6% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня–лютага 2025 году», — паведаміла ведамства.

Такім чынам, таваразварот кавярняў і рэстарацыяў упаў на 3,4%, людзі сталі менш у іх хадзіць.

Год таму газэта «Беларусь сегодня» з спасылкай на Белстат расказвала, наколькі лепей сталі жыць беларусы. Раздробны таваразварот у Беларусі ў студзені–лютым 2025 году вырас на 10% да ўзроўню таго ж пэрыяду папярэдняга году, а таваразварот грамадзкага харчаваньня ў студзені–лютым 2025 году вырас на 3,6% у супастаўных цэнах да ўзроўню таго ж пэрыяду 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВУП Беларусі за студзень–люты 2026 году зьнізіўся на 1,2% у параўнаньні з пачаткам мінулага году