Лібан заявіў пра гібель трох жаўнераў у выніку ізраільскага абстрэлу

Разбурэньні ў прадмесьці Бэйруту пасьля ізраільскага авіяналёту

У паўднёвым Лібане працягваецца ізраільская апэрацыя супраць праіранскіх сілаў.

Лібанскае войска паведаміла, што 17 сакавіка ў выніку ізраільскіх удараў загінулі трое лібанскіх жаўнераў, пасьля таго як Ізраіль правёў новыя рэйды і зноў загадаў жыхарам вялікай колькасьці раёнаў паўднёвага Лібану эвакуавацца.

Лібан быў уцягнуты ў вайну на Блізкім Усходзе 2 сакавіка, калі праіранская мілітарная арганізацыя «Хэзбала» запусьціла ракеты па Ізраілі ў адказ на амэрыкана-ізраільскія ўдары, у выніку якіх быў забіты вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі.

Ізраіль адказаў інтэнсіўнымі ўдарамі па некалькіх рэгіёнах Лібану і наземнымі апэрацыямі на поўдні, прычым міністар фінансаў Ізраілю заявіў у гэтым месяцы, што прыгарады Бэйруту неўзабаве «будуць нагадваць» моцна пашкоджаны горад Хан-Юніс у Газе, прыводзіць ягоныя словы AFP.

У Жэнэве Ўправа ААН у правах чалавека заявіла 17 сакавіка, што пагрозы ізраільскіх чыноўнікаў «нанесьці Лібану такі ж узровень разбурэньняў, як і ў Газе, цалкам непрымальныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль нанёс удар па Лібане пасьля абстрэлу з боку праіранскай шыіцкай групоўкі «Хэзбала»

У паўднёвым горадзе Сідон, далёка ад мяжы, перамешчаныя людзі спалі ў сваіх машынах, прыпаркаваных уздоўж набярэжнай, паведамляе каманда AFP.

«Горад перапоўнены, у нас больш няма месцаў», — сказала Джыхан Каісі, дырэктарка няўрадавай арганізацыі, якая кіруе школай, пераўтворанай у прытулак, дзе шчыльна знаходзяцца больш за 1100 чалавек.

«Шмат людзей прыходзяць кожны дзень, каб папрасіць прытулку, але ў нас больш няма месца, мы ня можам іх прыняць», — працягнула яна, дадаўшы, што дарога з поўдня была перакрыта ў панядзелак, бо людзі ўцякалі на поўнач пасьля папярэджаньняў аб эвакуацыі.

Лібанскія вайскоўцы тым часам заявілі, што трое іх жаўнераў былі забітыя ў выніку двух ізраільскіх авіяўдараў на поўдні Лібану, у той час як ізраільская армія сьцьвярджала, што яе апэрацыі не былі накіраваныя «супраць лібанскага войска», і заявіла, што прынамсі адна зь іх «знаходзіцца пад пераглядам».

Лібанская армія спрабавала ня ўмешвацца ў вайну, але трое яе жаўнерам таксама былі забітыя ў выніку ізраільскага абстрэлу раней у гэтым месяцы. Гэта адбылося ў час няўдалай апэрацыі ізраільскага камандаваньня ва ўсходнім Лібане.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у аўторак Ізраіль нанёс авіяўдар паблізу аэрапорту Бэйруту ў паўднёвым прыгарадзе сталіцы, у выніку чаго адзін чалавек загінуў і дзевяць былі параненыя.

Лібанскае кіраўніцва цывільнай авіяцыяй заявіла, што аэрапорт працягвае працаваць у звычайным рэжыме, застаецца ў працы й дарога, што вядзе да лётнішча.

У аўторак «Хэзбала» абвясьціла пра сэрыю нападаў, у тым ліку пра некалькі атак на ізраільскія войскі паблізу мяжы на поўдні Лібану.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.