Як паведаміла Літоўскае радыё і тэлебачаньне, Lockheed Martin, адзін з асноўных падрадчыкаў абароннага сэктару ЗША, адкрыў сваю філію ў Літве.
У верасьні мінулага году прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся з чальцом выканаўчай каманды Lockheed Martin і прэзыдэнтам Lockheed Martin International Майклам Уільямсанам і запрасіў кампанію інвэставаць у Літве.
Раней такую прапанову выказаў былы міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс падчас Давоскага эканамічнага форуму ў 2024 годзе.
«У Літве мы прапануем лепшыя ўмовы для інвэстыцый у абаронную прамысловасьць, у нас ёсьць неабходны досьвед, таму мы спадзяемся, што літоўскія інвэстыцыі ў абарону стануць асноўнай для ажыцьцяўленьня рамонту і вытворчасьці вайсковай тэхнікі ў Літве», — заявіў ён тады.
На сустрэчы абмяркоўвалася, чаму важна інвэставаць у рэгіён, дзе ў будучыні будуць дыслякавацца абаронныя магутнасьці, як забясьпечыць надзейныя абаронныя ланцужкі, і была дасягнута дамоўленасьць аб працягу супрацоўніцтва, — пісала LRT.
У сакавіку 2025 году тагачасны міністар абароны Літвы Давіле Шакалене сустрэлася з прадстаўнікамі Lockheed Martin і іншых кампаній абароннай прамысловасьці ЗША; пасьля сустрэчы яна заявіла, што літоўскія прадпрыемствы маглі б замяніць частку пастаўшчыкоў амэрыканскіх абаронных кампаній.
Філія Lockheed Martin Global у Літве была зарэгістраваная на мінулым тыдні, піша BNS са спасылкай на Рэестравы цэнтар Літвы.
Кіраўніцай літоўскай філіі кампаніі прызначаная Крысьцін Лі Фармэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артылерыя, танкі, авіяцыя: хто перамагае ў гонцы вайсковых тэхналёгіяў — Расея ці NATO? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Boeing выйграла тэндэр на выраб зьнішчальніка шостага пакаленьня F-47. ФОТА