Вугоршчына заклікае ЭЗ скасаваць тарыфы на расейскія і беларускія ўгнаеньні

Агульны выгляд калійных шахтаў «Беларуськалію» каля Салігорску, архіўнае фота

Будапэшт заяўляе, што фэрмэрам патрэбныя таньнейшыя ўгнаеньні, бо цэны на іх растуць.

Вугоршчына ня згодная з палітыкай ЭЗ, накіраванай на абмежаваньне магчымасьцяў фінансаваньня расейскай вайны супраць Украіны, паведамляе Politico.

Выданьне піша, што Вугоршчына заклікае Эўрапейскі Зьвяз скасаваць тарыфы і дадатковыя мыты на імпарт угнаеньняў з Расеі і Беларусі, бо вайна ў Іране пагражае павышэньнем сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня. Такі крок павялічыў бы адну з асноўных крыніц даходаў для фінансаваньня агрэсіі Масквы супраць Украіны.

У лісьце да эўрапейскіх камісараў у панядзелак 16 сакавіка міністар сельскай гаспадаркі Вугоршчыны Іштван Надзь папярэдзіў, што рост сусьветных цэнаў на ўгнаеньні і няпэўнасьць з пастаўкамі, якая вырасла яшчэ больш з пачаткам вайны ў Іране, лягуць цяжарам на фэрмэраў ЭЗ і павялічаць цэны на прадукты харчаваньня. Ён заклікаў часова зьнізіць да нуля мыты на расейскую і беларускую прадукцыю, папярэдзіўшы, што Вугоршчына можа сутыкнуцца зь ніжэйшай ураджайнасьцю, калі доступ да таньнейшага імпарту застанецца абмежаваным.

Вугоршчына сама вырабляе толькі азотныя ўгнаеньні і залежыць ад замежных паставак фосфару і калію. ЭЗ павялічыў мыты на ўгнаеньні з Расеі і Беларусі ў 2025 годзе, імпарт зь Беларусі забаронены.

Эўразьвяз захоўвае жорсткую забарону на імпарт і транзыт калійных угнаеньняў зь Беларусі, нягледзячы на рашэньні ЗША паслабіць санкцыі. Абмежаваньні, якія не дазваляюць Беларусі ажыцьцяўляць экспарт праз Клайпедзкі порт (Літва) і прымушаюць яе перанакіроўваць лягістыку праз парты Расеі, у 2026 годзе былі працягнутыя.

Апошнім часам Расея перанакіроўвае газ, экспарт якога зьнізіўся праз санкцыі, на вытворчасьць угнаеньняў, каб падтрымліваць экспартныя даходы. Летась расейскія пастаўкі ў ЭЗ усё яшчэ складалі каля 2 мільярдаў эўра, але аб’ёмы рэзка ўпалі ў пачатку 2026 году, калі пачалі дзейнічаць новыя мыты.

Фактычная блякада Іранам Армускага праліву павялічвае цану угнаеньняў і паліва ў сьвеце. Будапэшт таксама заклікае ЭЗ паслабіць забарону на расейскі газ, каб зьменшыць ціск на цэны — ідэя, якую катэгарычна адхіліў Брусэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 мільёнаў даляраў. Як выглядаў гандаль каліем паміж Беларусьсю і ЗША да санкцыяў і што будзе зараз
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўключылі калій у сьпіс крытычна важных мінэралаў. Гэта можа паўплываць і на Беларусь