З 17 сакавіка ўступае ў сілу бязьвіз з Аманам. Але пакуль адтуль толькі эвакуацыйныя рэйсы

Султан Аману Хайсам бін Тарык аль Саід і Аляксандар Лукашэнка ў Менску 6 кастрычніка 2025 году

Падпісанае ў кастрычніку 2025 году ў Менску пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Аману аб узаемнай адмене віз уступае ў сілу 17 сакавіка, вынікае з паведамленьня МЗС арабскай краіны.

Ведамства нагадвае сваім грамадзянам, што пры ўезьдзе ў Беларусь пашпарт павінен быць сапраўдным ня менш за 6 месяцаў, працягласьць аднаго візыту ня можа перавышаць 30 дзён, пры гэтым агульны тэрмін знаходжаньня на працягу каляндарнага году — ня больш за 90 дзён.

Мэтай паездкі ў Беларусь «не павінна быць вядзеньне бізнэсу» або «якой-небудзь іншай аплачванай дзейнасьці».

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі згаданага пагадненьня сёлета 27 студзеня, аманскі бок ратыфікаваў дакумэнт летась 12 лістапада, піша «Позірк».

Пагадненьне пра бязьвізавы рэжым падпісалі 6 кастрычніка 2025 году ў Менску міністры замежных спраў краін падчас візыту аманскай дэлегацыі на чале з султанам Аману Хайсамам бін Тарыкам аль Саідам.

Сёлета ў лютым Беларусь і Аман дамовіліся адкрыць амбасады.

Цяпер Аман, як і іншыя дзяржавы рэгіёну, фактычна знаходзіцца ў зоне баявых дзеяньняў пасьля распачатай 28 лютага Ізраілем і ЗША ваеннай апэрацыі ў Іране і ўдараў Ірану ў адказ. У тым ліку — па амэрыканскіх абʼектах і паліўных тэрміналах у Амане.

З таго часу «Белавія» вывезла на 2 рэйсах з Аману 305 беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі дзяржаўныя інтарэсы губляюцца ў сямейных: што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі