«ЗША не былі першай краінай, якая прызнала Беларусь у якасьці незалежнай дзяржавы (адразу пасьля 25 жніўня 1991 году гэта зрабіла Польшча, затым — Турэччына і Швэцыя), але як толькі ў сьнежні 91-га тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш заявіў пра прызнаньне і ўсталяваньне дыпляматычных адносінаў, у Менск прыбыла дыпляматычная місія. Засяліліся ў гатэль „Беларусь“. Дэйвід Сўорц, які разам зь трыма калегамі заняўся арганізацыяй працы будучай амбасады, узгадваў, што пакоі былі застаўленыя амэрыканскімі вайсковымі скрынямі з кансэрвамі — у Вашынгтоне баяліся, што дыпляматам ня будзе чаго есьці», — напісаў публіцыст, былы журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, уручэньне даверчых лістоў старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу адбылося больш як праз паўгоду — у першую гадавіну абвяшчэньня беларускай Незалежнасьці, 25 жніўня 1992-га.
«Дэйвід Сўорц пакінуў мэмуары, якія дазваляюць у крыху іншым ракурсе, чым гэта робім мы, беларусы, убачыць тагачасныя падзеі і некаторых палітыкаў. Так, мне было цікава даведацца, што ў 1993 годзе амэрыканцы (выглядае, гэта была інфармацыя „для ўнутранага карыстаньня“) ацэньвалі ўзровень жыцьця беларусаў як самы лепшы ў параўнаньні зь іншымі былымі рэспублікамі СССР. Мы ў БНФ наракалі (і справядліва) на замаруджваньне эканамічных рэформаў, тым ня менш, элемэнты рэформаў усё ж былі, і яны пачыналі даваць плён. У кожным разе, краіна не „ляжала ў руінах“, як потым будзе паўтараць Лукашэнка», — дадаў ён.
Сяргей Навумчык напісаў, што першы амэрыканскі амбасадар валодаў цудоўным пачуцьцём гумару і працытаваў фрагмэнт яго ўспаміну пра паездку ўвосень 1992 году на паляваньне на запрашэньне тагачаснага прэм’ера Беларусі Вячаслава Кебіча. Дыплямат назваў яго цікавай асобай.
«У прызначаны дзень ён (Кебіч. — РС) прыехаў раніцай на сваім службовым лімузыне... Мы накіраваліся на поўнач, у даволі аддалены лясны раён... Я ўбачыў вялікі паляўнічы дом, а перад ім — сталы з усялякай ежай і напоямі. Шматлікія памочнікі і супрацоўнікі службы бясьпекі з КДБ ужо былі там. Пасьля тостаў і перакусаў мы накіраваліся на паляваньне на машынах. Кебіч і ахоўнікі паехалі ў адзін бок, я і яшчэ адзін ахоўнік — у іншы. Мой ахоўнік (маўклівы, як магіла, апрануты ў гарнітур з гальштукам і са стрэльбай у руцэ) узьняліся на плятформу на адным з дрэваў. Там мы моўчкі прастаялі каля дзьвюх гадзінаў, дарэмна чакаючы зьяўленьня дзічыны», — згадваў Дэйвід Сўорц.
Дыплямат узрадаваўся такому выніку, бо ніколі ў жыцьці не страляў з агнястрэльнай зброі.
«Нарэшце Кебіч і ягоныя ахоўнікі вярнуліся, і мы паехалі на тэрыторыю паляўнічай хаты. Там нас чакала яшчэ болей ежы і напояў. Пасьля гэтага — ужо быў позьні вечар — мы пайшлі ў гатэль паглядзець па тэлебачаньні выступ нейкага спадара Лукашэнкі. Я зь ім не сустракаўся. Кебіч ускрыкнуў: „Я яго ненавіджу!“. Імгненна ўсе прысутныя таксама закрычалі, нібыта хор з апэрэты Гілбэрта і Салівана — „І мы яго ненавідзім!“. Нарэшце, мы селі ў машыну Кебіча і паехалі ў Менск. Па дарозе прэм’ер-міністар раптам зьвярнуўся да мяне з просьбай: „Навучыце мяне дэмакратыі“. Гэтак мы і прагаварылі пра гэта ўвесь зваротны шлях», — згадваў дыплямат.
Сяргей Навумчык расказаў, што ў 1992-1993 гадах ЗША істотна дапамаглі Беларусі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, у мадэрнізацыі некаторых галінаў гаспадаркі, і ў дэмакратызацыі грамадзтва. Паводле яго, у гэтым была асабістая заслуга, у тым ліку, і амэрыканскага амбасадара.
«Шмат для каго (і для мяне таксама) быў нечаканым сыход Сўорца ў адстаўку адразу пасьля візыту Клінтана — які якраз успрымаўся (ды, як паказала гісторыя, і быў) пікам беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Без высілкаў самога Сўорца гэты візыт увогуле мог і ня здарыцца (і што ведаю дакладна, не было б наведваньня Курапатаў). У сваіх мэмуарах Сўорц прыгадвае, што па дарозе з Курапатаў у аэрапорт у лімузыне, дзе мусіла адбыцца апошняя гутарка Шушкевіча з амэрыканскім прэзыдэнтам, і куды ў апошні момант замест перакладчыка з МЗС запрасілі Сўорца (напэўна, размова мусіла быць надзвычай канфідэнцыйнай), амэрыканскі лідэр... заснуў. „Мы з Шушкевічам далі яму выспацца“, — сказаў Сўорц. Мяркую, што канкрэтна гэты выпадак быў праявай не абыякавасьці прэзыдэнта да Беларусі, а ягонай стомленасьці („маланкавы візыт“, як яго называе Сўорц, сапраўды меў насычаную праграму)», — адзначыў Сяргей Навумчык.
Паводле яго, Сўорц сышоў у адстаўку праз нязначную цікавасьць амэрыканскай адміністрацыі да Беларусі, якая добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі.
«Праз шмат гадоў я чуў ад Сўорца, што якраз адчуваньне такой несправядлівасьці не дазволіла яму працягваць дыпляматычную місію ў Менску. Ён падаў у адстаўку. Дэвід Сўорц пакінуў Менск — але не пакінуў Беларусь. Ён настойліва патрабаваў ад амэрыканскай адміністрацыі, хто б не знаходзіўся ў Белым Доме, большай увагі да беларусаў», — паведаміў Сяргей Навумчык.
Паводле яго, менавіта Сўорц у 2013 годзе прапанаваў кіраўніцтву ЗША прызнаць Раду БНР. Ён заснаваў Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў пры Паўднёва-Заходнім каледжы (штат Канзас), які пазьней трансфармаваўся ў Фундацыю падтрымкі беларускіх дасьледаваньняў. Разам з выканаўчым дырэктарам доктарам Паўлінай Сурвіллай і Эрыкам Вахманам яны гадамі ладзілі стажыроўку навукоўцаў зь Беларусі — і стымулявалі цікаўнасьць амэрыканскіх дасьледчыкаў.
Акрамя гэтага, паведаміў Навумчык, Сўорц здабыў у Дзярждэпартамэнце і перадаў Фундацыі важныя дакумэнты, якія асьвятляюць амэрыкана-беларускія дачыненьні ў першыя гады нашай Незалежнасьці.
Дэйвід Сўорц быў уганараваны мэдалём да 100-годзьдзя БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР узнагародзіла мэдалём у гонар 100-годзьдзя рэспублікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь якімі прэзыдэнтамі ЗША Лукашэнка сустракаўся раней