Першы і пакуль адзіны ў Беларусі музэй зубра разьмешчаны ў Берасьцейскім аблвыканкаме. Калекцыя падпарадкаваная адной тэме і ніводны яе экспанат не паўтараецца, піша БелТА. Кожны з зуброў унікальны і можа расказаць аб багатай прыродзе Берасьцейскай вобласьці, яе гістарычным мінулым і сучаснасьці, аб таленавітых людзях, якія жывуць на гэтай зямлі і захоўваюць самабытнасьць.
Экспазыцыя налічвае больш за 300 экспанатаў — фігурак зуброў, выкананых з самых розных матэрыялаў. Большасьць з дрэва — дубу, ліпы, яблыні, буку, грушы, ясеню, алешыны і іншых. З дрэваў, лёгкіх у апрацоўцы, яны добра трымаюць форму.
У музэі можна ўбачыць зуброў з мэталу і дроту, парцаляны, фаянсу і шкла, лёну і воўны, тканіны, саломы, керамікі, бурштыну, паперы, шакаляду і плястыліну. Самы мініятурны экспанат вышынёй усяго каля 1 сантымэтру.
Фігуры зуброў маюць ня толькі дэкаратыўнае прызначэньне. Сярод іх ёсьць чарніліцы, посуд для вадкасьцяў, скарбонкі, вазы, пано і нават сьвістулькі.
Большасьць экспанатаў падораныя кіраўніцтву і жыхарам Берасьцейшчыны прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў Беларусі, замежных дэлегацый, прадпрыемствамі, навучальнымі ўстановамі.
У музэй зубра можа прыйсьці любы ахвочы задарма. Для гэтага трэба папярэдне запісацца па тэлефоне 8 (0162) 26-95-06. Экскурсіі праводзяцца кожны чацьвер з 12.00 да 16.00.
Для працы ў музэі навучылі двух экскурсаводаў, у плянах навучыць яшчэ двух. Таксама плянуюць зрабіць віртуальны тур па музэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правялі перапіс беларускіх зуброў: у Белавескай пушчы іх пабольшала