Унутраныя войскі і АМАП ізноў трэніраваліся зьнішчаць дывэрсантаў

Ілюстрацыйнае фота

На базе вайсковай частцы 3310 «адбыліся тактыка-спэцыяльныя заняткі з удзелам вайскоўцаў часткі і супрацоўнікаў АМАП УУС Менаблвыканкама па пошуку і зьнішчэньні дывэрсыйна-разьведвальных груп (ДРГ) і незаконных узброеных фарміраваньняў», паведамляецца ў тэлеграм-канале ўнутраных войскаў.

Камандзіры батальёнаў «удасканальвалі ўменьне ацэньваць абстаноўку і прымаць рашэньні, а асабовы склад адпрацоўваў нарматывы па ўздыме па трывозе, зьдзяйсьненьні маршу і замацаваньні на зыходных рубяжах».

«Асаблівая ўвага надавалася пытаньням арганізацыі сувязі і кіраваньня з разгортваньнем камандных пунктаў. Таксама байцы і афіцэры адпрацавалі дзеяньні пры рэзкіх зьменах абстаноўкі і правялі разьведвальна-пошукавыя мерапрыемствы», — гаворыцца ў рэлізе.

Раптоўная праверка «некаторых падразьдзяленьняў органаў унутраных спраў» па гатоўнасьці дзеяньняў «у асаблівых умовах» прайшла 8-9 студзеня.

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаны ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

Рэжым Лукашэнкі практычна няспынна праводзіць вучэньні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэньня адносін з Захадам (акрамя ЗША пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнта Дональда Трампа) і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штурмавой авіяцыі праходзіць раптоўная праверка боегатоўнасьці