У міліцыі паведамілі, у якім выпадку беларусам давядзецца выдаліць акаўнт у Telegram

Ілюстрацыйнае фота

У Telegram-канале Упраўленьня ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму апублікавалі паведамленьне, у якім растлумачылі, у якім выпадку беларусам можа спатрэбіцца выдаліць свой акаўнт у Telegram.

Паводле інфармацыі міліцэйскага ведамства, якую цытуе партал Точка, гэта можа спатрэбіцца, калі профіль карыстальніка ўзламаюць зламысьнікі і ўладальнік ня зможа завяршыць сэанс афэрыстаў. У такім выпадку выдаленьне акаўнта дазволіць спыніць доступ ашуканцаў да ўліковага запісу.

У міліцыі адзначылі, што пасьля выдаленьня акаўнта карыстальнік можа зарэгістравацца ў мэсэнджары зноў і аднавіць выкарыстаньне сэрвісу ўжо з новай уліковай запісам. Гэта, паводле міліцыянтаў, дапамагае пазьбегнуць махлярства і злоўжываньняў ад імя карыстальніка.

У міліцыі таксама нагадалі пра неабходнасьць уважліва ставіцца да бясьпекі сваіх акаўнтаў, не перадаваць коды пацьвярджэньня іншым людзям і выкарыстоўваць дадатковыя сродкі абароны, напрыклад двухфактарную аўтэнтыфікацыю.

У Беларусі самымі папулярнымі застаюцца мэсэнджары Telegram (6,2 мільёна карыстальнікаў), Viber (4,7 мільёна), WhatsApp (2,7 мільёна). Гэта зьвесткі аналітычнага сэрвісу Sensor Tower, які адсачыў статыстыку мабільных аплікацыяў на канец 2025 году.

У Расеі з 1 красавіка абяцаюць канчаткова заблякаваць Telegram. Беларусь наўрад ці пойдзе падобным шляхам, бо гэта ня трэба самой Расеі, мяркуе экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Махляры выманьваюць грошы, абяцаючы добрую характарыстыку ад КДБ і пагражаючы крымінальным перасьледам