У ноч на суботу ў Амстэрдаме адбыўся выбух у габрэйскай школе

Супрацоўнікі паліцыі ля школы ў Амстэрдаме.

Раніцай у суботу ў Амстэрдаме адбыўся выбух на тэрыторыі габрэйскай школы: будынак атрымаў нязначныя пашкоджаньні, ніхто не пацярпеў. Мэр горада Фемке Халсема назвала тое, што адбылося, «наўмысным нападам на габрэйскую абшчыну».

«Гэта баязьлівы акт агрэсіі супраць габрэйскай абшчыны. Габрэі Амстэрдаму ўсё часьцей сутыкаюцца з антысэмітызмам. Гэта непрымальна», — заявіла Халсема. Па словах мэра, у паліцыі ёсьць запісы з камэраў відэаназіраньня, на якіх захаваны чалавек, які ўстанаўлівае выбуховае прыстасаваньне.

Як адзначае агенцтва Reuters, гэтая школа — адзіная ў Нідэрляндах, прызначаная спэцыяльна для артадаксальных габрэяў.

Меры бясьпекі ў сынагогах і габрэскіх установах былі ўзмоцнены пасьля выбуху, які выклікаў пажар у сынагозе ў цэнтры Ратэрдама. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 13 сакавіка, у выніку атакі ніхто не пацярпеў. Як піша The Guardian, падазроныя былі затрыманыя, калі яны праяжджалі міма іншай сынагогі — гэта трое падлеткаў ва ўзросьце 19,18 і 17 гадоў.

9 сакавіка адбыўся выбух у сынагозе ў бэльгійскім горадзе Льеж — будынак атрымаў пашкоджаньні, ніхто не пацярпеў. Мэр Льежа Вілі Дэмеер назваў тое, што адбылося «антысэміцкім актам».

12 сакавіка невядомы паспрабаваў урэзацца на аўтамабілі ў будынак сынагогі «Храм Ізраіля» у навакольлях амэрыканскага горада Дэтройт — нападнік быў застрэлены ахоўнікамі. Яго матыў да гэтага часу невядомы, аднак генэральны пракурор штата Мічыган Дана Нэсэл заявіла, што існуе відавочная сувязь паміж вайной з Іранам і нападам на сынагогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Габрэйскія суполкі Эўропы папярэджваюць пра ўзмацненьне антысэмітызму