Украінскія дроны атакавалі порт і НПЗ у Краснадарскім краі. Ёсьць параненыя

Ілюстрацыйнае фота

У ноч на суботу 14 сакавіка ўкраінскае войска атакавала дронамі порт «Каўказ» у Цямрукскім раёне Краснадарскага краю.

Як паведамілі ў апэратыўным штабе Краснадарскага краю, паранены тры чалавекі і пашкоджана нейкае «тэхнічнае судна». На прычале ўзьнік пажар, яго апэратыўна ліквідавалі. Пацярпелыя шпіталізаваны.

Акрамя таго, у апэратыўным штабе пацьвердзілі інфармацыю, якая зьявілася раней у сацсетках, аб удары па Афіпскаму НПЗ, у выніку якога ўзьнік пажар. Паводле зьвестак штаба, пацярпелых няма, але «загарэліся тэхнічныя ўстаноўкі». Пажар у раёне Афіпскага НПЗ зафіксаваны на інтэрактыўнай карце маніторынгавага сэрвісу NASA FIRMS, які адсочвае тэмпэратурныя анамаліі практычна ў рэжыме рэальнага часу.

Тэлеграм-канал SHOT паведамляе са слоў мясцовых жыхароў, што выбухі ў Краснадарскім краі пачаліся каля гадзіны ночы, усяго прагучала больш за дзесятак выбухаў у розных раёнах. Мясцовы аэрапорт быў зачынены.

І порт «Каўказ», і Афіпскі НПЗ у мінулым ужо неаднаразова падвяргаліся ўдарам украінскіх дронаў. Па некаторых паведамленьнях, новай атацы ў ноч на суботу падвергнуўся таксама завод «КуйбышаўАзот» у Тальяці — у ноч на сераду ён ужо станавіўся мэтай украінскага ўдару.

У справаздачы Мінабароны Расеі гаворыцца, што ў ноч на 14 сакавіка дзяжурныя сілы СПА перахапілі і зьнішчылі 87 украінскіх дронаў, у тым ліку 31 — над Азоўскім морам і 16 — над Краснадарскім краем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі пра тры маштабныя апэрацыі супраць расейскіх прадпрыемстваў, якія працуюць на вайну