Вэтэраны групы «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіроўныя пасады ў расейскім сакрэтным спэцпадразьдзяленьні «Центр 795» — The Insider

Фрагмэнт схемы арганізацыі падразьдзяленьня "Центр-795" з выхадцамі зь Беларусі

Вэтэраны групы «Альфа» Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі займаюць кіроўныя пасады ў расейскім сакрэтным спэцпадразьдзяленьні «Центр 795», «зьвязаным з палітычнымі забойствамі за мяжой», вынікае з апублікаванага расьсьледаваньня The Insider.

Начальнікам выведвальнага ўпраўленьня «Центра 795» называецца маёр запасу Сяргей Радкевіч, начальнікам штаба — палкоўнік запасу Дзьмітрый Драздоў.

Адзначаецца, што яны «прайшлі праз АТ „Калашнікаў“, так і не засьвяціўшы сваёй сувязі з расейскімі вайскоўцамі або спэцслужбамі».

Група кампаній «Калашнікаў» называе сябе «найбуйнейшым расейскім вытворцам баявой аўтаматычнай і снайпэрскай зброі, кіраваных артылерыйскіх снарадаў, а таксама шырокага спэктра высокадакладнай зброі», «флягманам айчыннай стралковай галіны, на яго долю прыпадае каля 95% вытворчасьці стралковай зброі Расеі».

«Абодва яны (Радкевіч і Драздоў. — „Позірк“.), як сьведчыць база беларускіх кібэрпартызан, зьяўляюцца вэтэранамі групы „Альфа“ КДБ Беларусі — відавочна, вынік мэтанакіраванага рэкрутаваныя з саюзных спэцслужбаў, чые афіцэры ня маюць расейскай інстытуцыянальнай біяграфіі і не трапляюць у поле зроку замежнай контрвыведкі або сьледчых», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Фрагмэнт схемы арганізацыі падразьдзяленьня "Центр-795" з выхадцамі зь Беларусі

Вядучыя ролі ў «Цэнтры 795» дасталіся выхадцам з Цэнтра спэцыяльнага прызначэньня расейскай ФСБ — у асноўным з падразьдзяленьня «Альфа».

Паводле даных расьсьледавальнікаў, «Центр 795» (в/ч 75127) быў створаны рашэньнем Генштаба РФ у сьнежні 2022 года і да чэрвеня 2023 года ўжо быў амаль цалкам укамплектаваны. Ён стаў цалкам адасобленым падразьдзяленьнем. Усяго ў цэнтры служыць каля 500 афіцэраў, якія падзеленыя на тры ўпраўленьні: разьведвальнае, штурмавое і баявога забесьпячэньня.

Паводле The Insider, «Центр 795» ужо арганізаваў шэраг замахаў і дывэрсій, якія яшчэ расьсьледуюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца «людзі ў чорным» ад «людзей у аліўкавым». Тлумачым з экспэртам

Апісваецца правал аднаго з ключавых выканаўцаў заплянаванага забойства сям’і палітэмігранта з Чачні Ахмеда Закаева ў Вялікабрытаніі, 42-гадовага Дзяніса Алімава. Ён быў затрыманы 24 лютага ў аэрапорце Багаты (Калюмбія).

На момант стварэньня ў 1990 годзе ў атрад «Альфа» беларускага КДБ уваходзіла 45 байцоў. Паводле даных аб’яднаньня BelPol, цяпер іх колькасьць вырасла да 220, з улікам дапаможных падразьдзяленьняў — да 270.

Аб’яднаньне таксама паведамляла, што менавіта байцы «Альфы» у 2021 годзе застрэлілі 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцэра падчас штурму яго кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску з мэтай «адпрацоўкі адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці». У перастрэлцы тады загінуў аднагодна Зельцара, афіцэр падразьдзяленьня Дзьмітрый Федасюк, які пасьля гэтага стаў аб’ектам шанаваньня дзяржаўнай прапагандай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вуліцу ў Менску назвалі імем супрацоўніка КДБ, загінулага падчас уварваньня ў кватэру праграміста Зельцара