Прэзыдэнт Чэхіі наведаў літоўска-беларускую мяжу і заявіў пра гібрыдны ціск Беларусі і Расеі

У Латвіі і Літве прэзыдэнт Чэхіі абмяркоўваў пытаньні абароны і бясьпекі, 11 сакавіка 2026 году

Прэзыдэнт Чэхіі Пэтэр Павэл пасьля наведваньня літоўска-беларускай мяжы заявіў, што Літва і Латвія працягваюць сутыкацца з гібрыднымі атакамі з боку Беларусі і Расеі.

«Мяжа — гэта ня проста лінія на мапе. На мяжы Літвы і Беларусі мяне пераканалі, як выглядае на практыцы абарона зьнешняй мяжы Эўразьвязу і NATO. Пакуль вакол Чэхіі саюзьнікі, Літва і Латвія стаяць на перадавой абароны эўрапейскай бясьпекі і сутыкаюцца з гібрыдным ціскам з боку Расеі і Беларусі», — напісаў Пэтр Павэл на сваёй старонцы ў Facebook.

Прэзыдэнт Чэхіі адзначыў, што сярод такіх атак — парушэньні паветранай прасторы, незаконная перасячэньне мяжы мігрантамі, а таксама маштабныя кампаніі дэзынфармацыі.

На афіцыйным сайце чэскага лідэра паведамляецца, што перад гэтым Пэтэр Павэл наведаў Латвію, дзе тэма супрацы ў галіне абароны таксама абмяркоўвалася.

«Існуе вельмі выразны кансэнсус наконт таго, што доўгатэрміновая і непасрэдная пагроза зыходзіць ад Расеі. Таму мы таксама абмеркавалі магчымасьці далейшага супрацоўніцтва, напрыклад, у галіне бесьпілётнікаў і абароны ад іх. Сярод іншага, Латвія будуе навучальны цэнтар, у дзейнасьці якога мы маглі б удзельнічаць і выкарыстоўваць яго магчымасьці», — сказаў ён.

Днямі Дэпартамэнт стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы абнародаваў агляд варожага інфармацыйнага асяродзьдзя за 2025 год, у якім заявілі аб узмацненьні інфармацыйнага ціску з боку Беларусі. Гэтаму папярэднічала справаздача спэцыяльных службаў Літвы аб вонкавых пагрозах нацыянальнай бясьпецы, сярод якіх таксама назвалі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заявілі аб узмацненьні інфармацыйнага ціску з боку Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выведцы Літвы расказалі пра галоўныя фактары рэгіянальнай бясьпекі. Пагрозы з боку Расеі і Беларусі застаюцца