У сынагозе пад Дэтройтам пажар — перад гэтым там адбылася страляніна

Дым у сынагозе ў штаце Мічыган

Паводле папярэдняй інфармацыі, як мінімум адзін чалавек напаў на сынагогу каля амэрыканскага Дэтройту. Пра ахвяры сярод вернікаў не паведамляецца, а нападнік, імаверна, быў застрэлены.

Паліцыя штата Мічыган абвясьціла, што ў сынагозе «Тэмпл Ізраіль» ва Ўэст-Блумфілдзе адбываецца страляніна, і паліцыя была неадкладна накіраваная на месца здарэньня.

Па словах шэрыфа, ахова сынагогі каля Дэтройту ўступіла ў перастрэлку як мінімум з адным чалавекам, паведамляе Associated Press. Пазьней выданьне паведаміла пра тое, што нападнік урэзаўся на машыне ў сынагогу, і аўтамабіль загарэўся, а нападніка ў перастрэлцы застрэлілі.

Перад гэтым мясцовая тэлевізія паведаміла, што грузавік заехаў у сынагогу «Тэмпл Ізраіль», а шэрыф акругі Оклэнд Майк Бушар заявіў, што пакуль ніхто ня быў арыштаваны.

На тэлевізійных кадрах было відаць дым, які выходзіць з даху сынагогі. Будынак акружыў зь дзясятак паліцэйскіх машынаў.

Дырэктар Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША (ФБР) Кеш Атэль заявіў, што на месцы здарэньня знаходзяцца агенты службы, і што, відаць, гэта ўзброеная атака на сынагогу на аўтамабілі.

Улады эвакуавалі будынак. Школы ва Ўэст-Блумфілдзе былі адразу зачыненыя пасьля нападу.

Габрэйскія арганізацыі ў ЗША дзейнічаюць пад узмоцненай аховай з таго часу, як ЗША і Ізраіль пачалі ваенную апэрацыю супраць Ірану 28 лютага, што справакавала і ўзмацніла вайну на Блізкім Усходзе. Габрэйскім асяродкам рэгулярна пагражаюць у Сеціве, ёсьць нямала выпадкаў нападаў на сынагогі і розныя цэнтры габрэйскай грамады, а таксама на асобных яе прадстаўнікоў з боку ісламістаў і з іншых групаў людзей.

У той жа дзень адбыўся напад на ўнівэрсытэт у штаце Вірджынія. 1 чалавек загінуў

У Норфалку, што ў штаце Вірджынія, ва унівэрсытэце Олд Дамініён нападнік пасьпеў забіць аднаго чалавека і параніць дваіх, але быў абясшкоджаны самімі студэнтамі.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У брытанскім Манчэстэры невядомы напаў на сынагогу. Два чалавекі загінулі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніну на сьвята Ханукі ў Аўстраліі ўчынілі бацька і сын. Паліцыя расьсьледуе іх матывы