Мінула 5 гадоў з дня затрыманьня палітычнага вязьня, журналіста Дзяніса Івашына

Дзяніс Івашын, архіўнае фота

5 гадоў таму, 12 сакавіка 2021 году, арыштавалі Дзяніса Івашына, горадзенскага журналіста-расьсьледніка.

Жонка палітзьняволенага Вольга Івашына падлічыла, што яе муж за кратамі ўжо 1823 дні, зь іх больш за 15 месяцаў — без тэлефонных званкоў.

«У мяне збольшага ўсё бязь зьменаў. Чытаю й чытаю. Адчуваю сябе нармальна, цалкам у форме. Маральна-баявы дух — на вышыні!», — працытавала жонка палітвязьня ягоную апошнюю паштоўку.

Пра строгі рэжым зьняволеньня Дзяніс ня можа шмат паведамляць. Вядома, што палітвязьня трымаюць у камэры на некалькі чалавек, штодзённа выводзяць на прагулкі.

Дзяніс знаходзіць час на чытаньне кніг з турэмнай бібліятэкі. Вось што палітвязень напісаў пра новую прачытаную ім кнігу:

«Прачытаў раман Румаана Алама „Пакінь сьвет ззаду“ (Rumaan Alam, Leave the World Behind, 2020). Чытво спадабалася. Галоўнае ў ім — ідэя. Дзея разгортваецца на тле блэкаўту ў Нью-Ёрку і з разьвіцьцём сюжэту набывае выразныя рысы пост-апакаліпсісу (ты ж ведаеш, як я люблю гэты жанр!). Ідэя — у яднаньні дзьвюх сем’яў (першапачаткова цалкам чужых). То бок акцэнт зроблены акурат на трансфармацыі зносінаў, узаемінаў абсалютна чужых людзей. Саспэнс — дужа станоўчая асаблівасьць раману. Наўпрост паступовае нагнятаньне атмасфэрыкі пост-апу. Можна чытаць бяз спыну. Мяркую, Хічкок пэўна б ухваліў!»

Перасьлед Дзяніса Івашына

У 2019 годзе Івашын браў удзел у абароне мэмарыялу ахвярам сталінізму «Курапаты» ад будаўніцтва рэстарану ў межах яго ахоўнай зоны.

Пазьней Івашын публікаваў зьвесткі пра былых украінскіх міліцыянтаў з аддзелу «Беркут», які выехалі ў Беларусь і паступілі там на службу.

Да пераводу на турэмны рэжым у жодзінскай вязьніцы Дзяніс Івашын адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, дзе, як вядома праваабаронцам, на яго моцна ціснула адміністрацыя.

5 гадоў таму супрацоўнікі КДБ Беларусі затрымалі Дзяніса Івашына, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Да позьняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус, таксама абшуквалі лецішча. 12 сакавіка 2021 году вобшук зрабілі дома ў Дзянісавай маці, а 15 сакавіка прыйшлі зь ператрусам да ягонай 95-гадовай бабулі.

У 2022 годзе Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц паводле абвінавачаньняў у «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконным зборы й распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт.179 КК). Суд быў закрытым, вядома, што віны Дзяніс не прызнаў.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня. Таксама вызваленьня дамагаюцца калегі з БАЖ (Беларуская асацыяцыя журналістаў), сябрам якой Дзяніс быў шмат гадоў, Міжнародная асацыяцыя журналістаў і камітэт ААН у адвольных затрыманьнях, які прызнаў арышт незаконным.

У 2023 годзе з калёніі № 15 у Магілёве, дзе журналіст адбываў пакараньне спачатку, яго перавялі ў жодзінскую турму на турэмны рэжым, дзе некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам. З 2025 году Дзянісу Івашыну забаранілі званкі, сувязь з сваякамі зрэдку адбываецца празь лісты і паштоўкі.

На волю, калі не адбудзецца датэрміновага вызваленьня, Івашыну выходзіць у 2033 годзе, калі яму будзе 54 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць драматычных і кранальных гісторыяў беларускіх палітвязьняў у 2025 годзе