У Расеі 15 абвінавачаных у тэракце ў «Крокусе» атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны, сваякі асуджаных заявілі аб катаваньнях

Падсудны ў справе Фарыдуні Шамсідзін у судзе

Суд у Маскве пакараў пажыцьцёвым зьняволеньнем 15 абвінавачаных у справе аб тэрарыстычным акце ў падмаскоўнай канцэртнай зале «Крокус Сити Холл». Яшчэ 4 фігурантам прызначылі тэрміны ад 19 гадоў і 11 месяцаў да 22 гадоў і 6 месяцаў.

12 сакавіка Маскоўскі вайсковы суд вынес прысуд 19 падазраваным у справе аб тэракце ў «Крокус Сити Холл» у 2024 годзе, у выніку якога загінулі амаль 150 чалавек. Афіцыйнае расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» паведаміла, што 15 чалавек асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне, а чацьвёра — на тэрміны ад 19 да 22 гадоў. Незразумела, наколькі суд быў справядлівым і паважаў правы падазраваных. Большасьць іх катавалі пры затрыманьні.

Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, пажыцьцёвыя тэрміны атрымалі чацьвёра грамадзян Таджыкістану — Шамсідзін Фарыдуні, Далерджон Мірзоеў, Мухамадсубір Файзаў і Саідакрам Раджабалізада. Сьледзтва лічыць іх чальцамі «Вілаят Хурасан», афганскай ячэйкі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», і беспасярэднімі выканаўцамі тэракту.

Пажыцьцёвым зьняволеньнем пакараныя яшчэ 11 чалавек. 5 чалавек пакараныя тэрмінамі да 22,5 году пазбаўленьня волі, у тым ліку за «дапамогу тэрарыстычнай дзейнасьці». Так патрактавалі, сярод іншага, продаж машыны, здачу кватэры падазраваным у тэракце.

Гульракат Мірзоева, маці Далерджона Мірзоева, заявіла Таджыцкай службе Радыё Свабода, што прысуд яе сыну быў несправядлівым. «Яны ачарнілі майго сына, катавалі яго і білі», — сказала яна.

«Я ня згодная з рашэньнем суду. Яны так паклёпнічалі на майго сына. Яны ніколі нас не запрасілі, яны з намі не размаўлялі. Гэта паклёп на майго сына. Ён гэтага не рабіў. Яны дамагліся прызнаньня катаваньнямі і пабіцьцём», — дадала яна.

Тэрарыстычны акт у зале «Крокус Сити Холл» адбыўся ўвечары 22 сакавіка 2024 году перад пачаткам канцэрту. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе ячэйка «Вілаят Хурасан», аднак расейскія ўлады настойвалі на наяўнасьці «ўкраінскага сьледу». У апошнім прэс-рэлізе Сьледчага камітэту сьцьвярджаецца, што нібыта «злачынства было сплянавана і зьдзейсьнена ў інтарэсах дзейнага кіраўніцтва Ўкраіны з мэтай дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі».

Газэта The Washington Post з спасылкай на двух неназваных амэрыканскіх службоўцаў пісала, што ўлады ЗША яшчэ 6 сакавіка папярэджвалі Расею аб пагрозе тэракту ў «Крокусе». Гэта было зроблена за дзень да таго, як пасольства ЗША папярэдзіла сваіх грамадзян аб плянаваным «нападзе на буйныя імпрэзы ў Маскве, уключаючы канцэрты». У Крамлі заявілі, што папярэджаньне было неканкрэтным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз год пасьля тэракту ў цэнтры «Крокус», што пад Масквой, расейскія сьледчыя назвалі арганізатараў