Італьянская «амэрыкана»
10 гадоў таму, у 2016-м, тагачасны расейскі прэм’ер, экс-прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сустракаўся з сваімі беларускімі калегамі на паседжаньні Эўразійскага міжурадавага савету.
Тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў замовіў каву амэрыкана. Тады Мядзьведзеў прапанаваў перайменаваць «амэрыкана» у «русіяна», назваўшы аўтэнтычную назву кавы «непаліткарэктнай».
У расейскіх кавярнях на хвалі мэдыйнага ажыятажу пэўны час падавалі перайменаваны напой, на каваматах заклейвалі кнопку «американо» надпісам «руссиано». Стэндапэры, комікі прыдумалі шмат жартаў на гэту тэму. Неўзабаве той «русіяна» перайшоў у разрад мэмаў.
«Россияно» ў кава-аўтамаце ў акупаваным Расеяй Крыме
Папраўдзе «амэрыкана» мае да ЗША ўскоснае дачыненьне. Прыдумалі яе італьянцы. Падчас Другой усясьветнай вайны ў Італіі апынуліся шмат амэрыканскіх жаўнераў. Амэрыканскія вайскоўцы замаўлялі каву, але італьянская эспрэса ім не смакавала: кубак здаваўся занадта малы, а смак вельмі насычаны. Італьянская кава эспрэса здавалася амэрыканцам зусім не падобнаю да звыклых ім filter coffee або regular coffee, якія былі папулярнымі ў Амэрыцы.
Каб задаволіць запыт амэрыканскіх вайскоўцаў, італьянцы сталі разбаўляць эспрэса кіпенем. Так зьявілася «амэрыкана» — сумесь эспрэса і гарачай вады. З часам напой стаў клясычным і разышоўся па ўсім сьвеце.
«Беларускі брэнд»
Дэманструючы Лукашэнку апарат самаабслугоўваньня, дырэктарка сеткі «Мак.Бай» Вікторыя Данько стала замаўляць праз тэрмінал каву «амэрыкана» для Мікалая Снапкова (дарэчы, тэрмінал падвёў — расплаціцца карткай Снапкоў так і ня здолеў). Лукашэнка, пачуўшы назву «амэрыкана», адрэагаваў нечакана:
«„Амэрыкана“ трэба перайменаваць у беларускі брэнд. У дужачках пакуль пішы „амэрыкана“, пакуль не прывыкнуць…» — загадаў Лукашэнка. Мікалай Снапкоў і загадчыца заківалі галовамі. Іншых напояў, кшталту капучына або лятэ, ніхто са сьвіты не асьмеліўся замовіць.
Наведваючы «Мак.Бай», Лукашэнка прызнаўся, што ў «Макдональдсе» ніколі ня быў, дый наагул рэстараны наведваў разы тры ў жыцьці.
«Паказная барацьба з заходнім»
Лукашэнка, які сам ня грэбуе замежнымі брэндамі (як і ўсе ягоныя сваякі — дзеці, нявесткі), заклікае астатніх купляць і ўжываць толькі «беларускае». Ён любіць пераймяноўваць усё, што яму не падабаецца.
Прадстаўнік у нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, філёзаф Павал Баркоўскі кажа, што ў сваёй паказной нелюбові да ўсяго «заходняга» і «амэрыканскага» ўсе дыктатарскія рэжымы паказальна аднолькавыя.
Павал Баркоўскі
«У Расеі праз гэта гурт „Іванушкі International“ вымушаны перапісацца ў проста „Іванушак“, а ў Беларусі прапануюць адмовіцца ад назвы кавы „амэрыкана“. Зрэшты, і ў гэтым дыктатар Беларусі не арыгінальны, бо падобныя захады да гэтага рабілі яго лацінаамэрыканскія паплечнікі. Безумоўна, на ўсясьветную папулярнасьць напою „амэрыкана“ гэта ніяк не паўплывае, толькі чарговы раз падкрэсьліць прымацаванасьць Беларусі да расейскага кільватэру», — перакананы Павал Баркоўскі.
На яго думку, паказная барацьба з заходнім — гэта цяпер частка расейскай патрыятычнай ідэі, і беларусам раяць ісьці ў тым самым кірунку.
«Агулам антызаходняя рыторыка і спроба стварыць асобную „ўсходнеславянскую цывілізацыю“, свае нормы „сувэрэннай дэмакратыі“ — гэта ўсё спробы аўтарытарных і таталітарных рэжымаў ізалявацца ад сучасных глябальных тэндэнцыяў і пакінуць свае краіны і грамадзтвы ў больш архаічным стане, каб імі было прасьцей кіраваць.
Падмена паняцьцяў — звыклы інструмэнт для маніпуляцыяў сьвядомасьцю людзей, спроба прымусіць іх забыцца, што сапраўды азначаюць словы „закон“, „справядлівасьць“, „дэмакратыя“, „правы чалавека“. Але ваяваць пачнуць з „амэрыкана“, бо такая сымбалічная барацьба з Захадам бясьпечная і нічога не каштуе», — тлумачыць філёзаф Павал Баркоўскі.
Што яшчэ перайменаваў Лукашэнка
Адным зь першых ініцыяваных Лукашэнкам перайменаваньняў стала зьмена назоваў цэнтральных вуліц беларускай сталіцы ў 2005 годзе: праспэкт Скарыны — на праспэкт Незалежнасьці, праспэкт Машэрава — на праспэкт Пераможцаў.
Паводле Лукашэнкі, аб перайменаваньні галоўных праспэктаў Менску яго папрасілі вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны. Шмат журналістаў самых розных мэдыя тады спрабавалі адшукаць таго вэтэрана вайны, хто нібыта ініцыяваў зьмену назвы праспэкту Машэрава, якога ўсе ўдзельнікі вайны і партызаны проста абагаўлялі. Не знайшлі.
2 верасьня 2024 году Лукашэнка браў удзел у мерапрыемстве «Адкрыты мікрафон з прэзыдэнтам» з студэнтамі ВНУ Віцебскай вобласьці. Ён зьвярнуў увагу на назовы некаторых факультэтаў Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. І ня змог прачытаць незнаёмае яму слова, запінаўся, не туды паставіў націск.
«Факультэт гума-ні-та…рыстыкі і моўных камунікацый… Вось гэта мацернае слова — як гэта разумець?» — сказаў тады ён.
Рэктарка Віцебскага ўнівэрсытэту Валянціна Багатырова пачала апраўдвацца: маўляў, «гэтае мацернае слова прыдумалі філёлягі», а тлумачыць ёй дапамагаў галоўны ідэоляг прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Пярцоў. Чыноўнікі стаялі з каменнымі тварамі, а прапагандыст Ігар Тур ня мог стрымаць усьмешкі.
«Гуманітарыстыка — гэта локцямі штурхацца… Дык напішыце што-небудзь бліжэй да локцяў… Я чаму зьвярнуў увагу на гэта — мы часам разумнічаць пачынаем на роўным месцы, каб паказацца нейкімі моднымі, не рэтраградамі», — падсумаваў Лукашэнка.
Факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імгненна перайменавалі ў факультэт гуманітарных ведаў і камунікацый.
У жніўні 2025 году Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт на загад Лукашэнкі перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт замежных моваў (БДУЗМ).
Ілюстрацыйнае фота
У лістападзе 2024 году, наведваючы Лінгвістычны ўнівэрсытэт, Аляксандар Лукашэнка абурыўся яго назвай і назваў яе таксама «мацернай» і «ледзьве не ЛГБТ». Тут апраўдвацца давялося Ўладзмеру Пярцову.
«Быў ін’яз — чаго мацернымі словамі ВНУ абазвалі? Ледзьве не ЛГБТ», — сказаў Лукашэнка. І заявіў, што ўнівэрсытэт павінен стаць «ін’язам».
ВНУ перайменавалі, а прэсавая служба ўнівэрсытэту паднесла навіну такім чынам: «Дынамічна рухаемся наперад».