Рада бясьпекі ААН 11 сакавіка асудзіла ўдары Ірану па краінах Пэрсыдзкай затокі, у той час як Расея і Кітай устрымаліся ад галасаваньня.
У рэзалюцыі Рада бясьпекі заклікала Іран тэрмінова спыніць атакі на Бахрэйн, Кувэйт, Аман, Катар, Саудаўскую Арабію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Ярданію. У дакумэнце адзначаецца, што гэтыя ўдары парушаюць міжнароднае права і становяць «сур’ёзную пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».
У рэзалюцыі таксама крытыкуюць выкарыстаньне Іранам у Ліване такіх проксі-груповак, як «Хэзбала» (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе).
Рэзалюцыю падтрымалі 13 з 15 чальцоў Рады бясьпекі. Яе ініцыяваў Бахрэйн, на гэты момант непастаянны сябра Рады бясьпекі ААН.
Іран асудзіў рэзалюцыю і назваў яе «злоўжываньнем» Радаю бясьпекі.
28 лютага ЗША разам з Ізраілем пачалі вайсковую апэрацыю супраць Ірану. У выніку ўдараў загінуў найвышэйшы кіраўнік Ірану Алі Хамэнэі, пашкоджаныя вайсковыя і ядзерныя аб’екты краіны. Іран у адказ наносіць удары па амэрыканскіх базах і інфраструктуры хаўрусьнікаў ЗША ў краінах Пэрсыдзкай затокі.