Узнагароду за Мікалая прымала яго жонка Марына Адамовіч.
Арганізатары фэстывалю адзначаюць: «Мікола Статкевіч прысьвяціў усе свае намаганьні абароне дэмакратыі. Яго мужнасьць асабліва выявілася, калі пасьля вызваленьня ён супраціўляўся спробе прымусовай дэпартацыі і адмовіўся пакідаць краіну».
Прэмію Homo Homini штогод прысуджае чэская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасьцяў. Узнагарода існуе з 1994 году.
У мінулыя гады ляўрэатамі Homo Homini ўжо станавіліся беларускія праваабаронцы: у 2005 годзе прэмію атрымаў Алесь Бяляцкі, а ў 2020-м — прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.
Нагадаем, у сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі па палітычна матываванай справе. У верасьні 2025 году ён быў вызвалены разам з іншымі вязьнямі, але адмовіўся пакідаць Беларусь пад прымусам і пасьля гэтага зноў апынуўся ў няволі. 19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца дома, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.