Як адзначаецца, лётчыкі «ажыцьцяўляюць палёты ў якасьці кантрольных мэт для абазначэньня налёту войскаў умоўнага праціўніка», піша Позірк.
У праверцы задзейнічаны самалёты Су-25, Як-130 і Л-39, якія «ўзьлятаюць па адным, далей аб’ядноўваюцца ў пару і ідуць па маршруце»: «На вызначаным яго ўчастку разыходзяцца і далей ідуць па адзіночцы».
Палёты выконваюцца ў рамках праверкі боегатоўнасьці на гранічна малых, малых і сярэдніх вышынях (да 3 тыс. м) на хуткасьцях — 600 км/г і ва ўсіх напрамках.
9 сакавіка дзяржаўны сакратар Савета Бясьпекі Аляксандр Вольфавіч паведаміў, што войскі супрацьпаветранай абароны ў рамках праверкі Узброеных сіл адпрацуюць задачы «ва ўмовах узьдзеяньня дывэрсійна-разьведвальных груп умоўнага суперніка».
Праверка Узброеных сіл Беларусі будзе працягвацца, заявіў Лукашэнка 3 сакавіка.
З 16 студзеня ў Беларусі па яго даручэньні праводзіцца раптоўная праверка боегатоўнасьці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл — у абыход Міністэрства абароны. Мерапрыемствы першапачаткова плянавалася праводзіць да вясны.
Паралельна з 26 студзеня па ініцыятыве Мінабароны праводзіцца «плянавая» комплексная праверка боегатоўнасьці воінскіх часьцей і падразьдзяленьняў.
Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Увесь гэты час улады практычна бесьперапынна праводзяць вучэньні сілавікоў, у тым ліку вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Air Serbia зноў пачала лётаць праз паветраную прастору Беларусі — упершыню амаль за пяць гадоў