Air Serbia зноў пачала лётаць праз паветраную прастору Беларусі — упершыню амаль за пяць гадоў

Air Serbia

Сэрбская авіякампанія Air Serbia аднавіла выкарыстаньне паветранай прасторы Беларусі на рэйсах паміж Бялградам і Масквой. Пра гэта сьведчаць зьвесткі сэрвісу Flightradar24.

Паводле гэтых зьвестак, зьмена маршруту адбылася 3 сакавіка 2026 году. Самалёты на лініі Бялград — Масква — Бялград пачалі рэгулярна перасякаць раён палётнай інфармацыі Менску, у той час як раней кампанія амаль пяць гадоў аблятала беларускую тэрыторыю.

Выкарыстаньне гэтага маршруту лічыцца найбольш кароткім і зручным для палётаў паміж Сэрбіяй і Расеяй. Паводле авіяцыйных дадзеных, пралёт празь Беларусь дазваляе скараціць маршрут прыкладна на 100–150 кілямэтраў у параўнаньні з аблётам празь Польшчу і балтыйскі рэгіён. Гэта можа эканоміць каля 10 хвілінаў палётнага часу і зьніжаць выдаткі на паліва і навігацыйныя зборы.

Авіякампаніі пачалі масава пазьбягаць беларускай паветранай прасторы ў траўні 2021 году пасьля інцыдэнту з рэйсам Ryanair. Самалёт гэтай кампаніі, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, быў прымушаны сесьці ў Менску. Пасьля гэтага Эўразьвяз рэкамэндаваў сваім авіяперавозчыкам аблятаць беларускую паветраную прастору.

Хаця Сэрбія не ўваходзіць у Эўразьвяз і фармальна не абавязаная выконваць гэтыя рэкамэндацыі, кампанія таксама зьмяніла маршруты і доўгі час не выкарыстоўвала беларускі транзытны калідор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янот-вандроўнік з ЗША аказаўся самкай. Ёй выбіраюць новае імя