Янот-вандроўнік з ЗША аказаўся самкай. Ёй выбіраюць новае імя

Янот

Амэрыканскі янот, якога летась знайшлі ў марскім кантэйнэры з аўтамабілем з ЗША, аказаўся самкай. Цяпер супрацоўнікі парку жывёл «Дыпрыз» у Баранавіцкім раёне выбіраюць для яе новае імя.

Раней янота называлі Сеня, бо лічылі самцом. Але пасьля агляду высветлілася, што жывёла — дзяўчынка. Таму ў парку прапануюць новыя варыянты: Ясенія, Соня або Саша і заахвочваюць пісаць варыянты ў Інстаграме парку.

Янот нядаўна завяршыў карантын у Ашмянскай вэтэрынарнай станцыі. Паводле вэтэрынараў, ён цалкам здаровы. 11 лютага жывёлу перавезьлі ў парк «Дыпрыз», дзе яна будзе жыць у кантактнай экспазыцыі.

Гісторыя янота пачалася летась 14 студзеня. Мытнікі выявілі яго ў аўтамабілі, які прыбыў у Беларусь у марскім кантэйнэры з ЗША. Мяркуецца, што жывёла залезла ў машыну яшчэ перад пагрузкай і так апынулася за акіянам.

Пасьля знаходкі янота зьмясьцілі на карантын. Тады абмяркоўваліся розныя варыянты ягонага лёсу — ад перадачы ў Налібоцкую пушчу да ўсыпленьня як інвазійнага віду.

У выніку жывёле знайшлі новы дом у парку «Дыпрыз» пад Баранавічамі. Там ужо жывуць іншыя яноты — для іх створаная асобная тэрыторыя з «замкам» і нават уласным «возерам».

Цяпер супрацоўнікі парку прапануюць наведнікам дапамагчы з выбарам імя для новай жыхаркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа сын стаць пераемнікам Лукашэнкі? Урок Ірану. Тлумачым з Гурневічам