Польшча плянуе пабудаваць дадатковую загароду на мяжы зь Беларусьсю

Загарода на мяжы Польшчы і Беларусі, 2025

Неўзабаве ў Падляскім ваяводзтве Польшчы павінны пачацца работы па будаўніцтве яшчэ адной загароды на мяжы зь Беларусьсю.

Пра чарговы праект польскага ўраду паведаміла RMF FM са спасылкай на інфармацыю Памежнай аховы краіны.

Як адзначаецца, летась у лістападзе кіраўніцтва Памежнай аховы абвясьціла, што чатырохмэтровы плот будзе пабудаваны да вясны, аднак «працы затрымала вельмі халодная зіма».

Паводле інфармацыі RMF FM, за будаўніцтва будуць адказваць Узброеныя сілы. Вайскоўцы інжынэрных войскаў ужо ўведзеныя дзеля гэтага ў склад падразьдзелаў Памежнай аховы. Цяпер вызначаюцца месцы, дзе будуць складавацца матэрыялы.

Загарода будзе плотам-сеткай, устаноўленым на слупах і абсталяваным калючым дротам.

«Каб пераадолець гэтыя чатыры мэтры, патрабуецца больш часу. Тады ў нас будзе больш часу, каб пад’ехаць да гэтага месца», — заявіў камэндант Падляскага аддзяленьня Памежнай аховы Славамір Клякотка.

Паведамляецца, што за асноўнай агароджай таксама зьявіцца двухмэтровы плот, які павінен абараніць лясных жывёл ад парэзаў.

Колькасьць спробаў незаконнага пранікненьня ў Польшчу зь беларускай тэрыторыі апошнім часам прыкметна зьменшылася. Паводле ацэнак памежнікаў, гэта зьвязана з «выключна халоднай зімой». Памежнікі прагназуюць, што ўвесну можа пачацца «новая хваля, кіраваная рэжымам Аляксандра Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча на тры месяцы абмежавала паветраную прастору на мяжы зь Беларусьсю

У Падляскім ваяводзтве бясьпеку мяжы (уключаючы літоўскі ўчастак) забясьпечваюць 2300 супрацоўнікаў Памежнай аховы пры падтрымцы 5000 вайскоўцаў Узброеных сіл.

9 сакавіка зафіксаваныя 13 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы — гэта першыя такія выпадкі ў сакавіку.

Польшча ўзводзіла 206-кілямэтровы плот вышынёй 5,5 м уздоўж мяжы зь Беларусьсю са студзеня 2022 году да чэрвеня 2023-га. Будаўніцтва фізычнага бар’еру стала рэакцыяй Варшавы на рэгулярныя зь вясны 2021 году плыні нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.

У жніўні летась Польшча ўвяла электронны бар’ер даўжынёй каля 172 км на ўчастку мяжы зь Беларусьсю, які праходзіць па рацэ Заходні Буг.

З пачатку 2026 году па 9 сакавіка зафіксавана 148 спробаў нелегальнага пранікненьня зь Беларусі ў ЭЗ (у Польшчу — 79, Літву — 40, Латвію — 29). Гэта ў 10 разоў менш, чым за той жа пэрыяд летась, калі было 1485 такіх спробаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская прапаганда на FM-хвалях у Латвіі. Як гэта стала магчымым