У Польшчы прыпынілі расьсьледаваньне справы супраць экс-судзьдзі Томаша Шмыта, які атрымаў у Беларусі статус палітычнага ўцекача.
Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на Wirtualna Polska, рашэньне ўхвалілі праз немагчымасьць правядзеньня працэсуальных дзеяньняў з удзелам падазраванага.
«Расьсьледаваньне дзейнасьці колішняга судзьдзі Томаша Шмыта было прыпыненае 7 лістапада 2025 году», — паведаміў прэсавы сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслаў Новак.
Паводле яго, раней пракуратура праводзіла збор доказаў, аналізавала дакумэнты і іншыя крыніцы інфармацыі, дапытвала сьведак.
Улады Беларусі не надалі прававой дапамогі польскаму боку ў гэтай справе, сказаў Новак. Ён падкрэсьліў, што статус палітычнага ўцекача экс-судзьдзі выключае магчымасьць яго экстрадыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польшча абвясьціла ў вышук свайго грамадзяніна, які ўцёк у Беларусь ад вялікага штрафу за антыўкраінскія допісы13 сьнежня 2024 году акруговы суд у Варшаве выдаў на арышт Шмыта эўрапейскі ордэр. Ён дзейнічае толькі на тэрыторыі дзяржаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, гэта значыць дакумэнт ня будзе мець рэальнай сілы, пакуль перабежчык не перасячэ мяжу адной з краін ЭЗ.
Пракуратура Польшчы тады паведаміла, што Шмыта вышукваюць з 9 верасьня 2024 году.
Пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт уцёк у Беларусь, стала вядома 6 траўня 2024 году з паведамленьня Telegram-канала, створанага за тры дні да таго ад яго імя на польскай і расейскай мовах. У ім сьцьвярджалася, што мужчына вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Яму нібыта пагражалі перасьледам «за самастойную палітычную пазыцыю».
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня 2024 году, што спэцслужбы Беларусі даўно працавалі з Шмытам, яго стасункі з беларусамі «маюць даўнюю гісторыю», гэта ня справа «апошніх месяцаў».
9 траўня 2024 году Шмыта звольнілі з Вышэйшага адміністрацыйнага суда на падставе яго заявы. Нацыянальная пракуратура Польшчы пачала расьсьледаваньне.
Выданьне Gazeta Wyborcza з спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што Мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт перабежчыка.
22 лістапада 2024 году стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка даў Шмыту палітычны прытулак.