Міжнародная незалежная сьледчая камісія ААН прызнала вываз і перамяшчэньне Расеяй украінскіх дзяцей пасьля паўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ў 2022 годзе злачынствамі супраць чалавечнасьці.
Як паведаміла агенцтва Reuters, камісія вывучыла справы 1205 дзяцей з пяці рэгіёнаў Украіны, зь якіх 80% яшчэ не змаглі вярнуць.
«У гэтай справаздачы камісія прыйшла да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы расейскіх уладаў былі накіраваны супраць дзяцей, якія зьяўляюцца аднымі з найбольш уразьлівых ахвяр», — адзначаецца ў справаздачы камісіі.
Раней Украіна заявіла, што прыблізна 20 000 дзяцей былі незаконна адпраўленыя ў Расею і Беларусь, дзе іх пасьля вайсковай падрыхтоўкі прымушаюць змагацца супраць сваіх уласных войскаў. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і пяці іншых расейцаў за незаконны вываз дзяцей. Масква адмаўляе, што забірае дзяцей супраць іх волі і заяўляе, што эвакуіруе людзей добраахвотна, каб вывезьці іх з зоны ваенных дзеяньняў.
«Гэтыя злачынствы маюць незваротныя наступствы для іх жыцьця і будучыні», — адзначылі ў камісіі.
Сьледчая камісія ААН прааналізавала тысячы дакумэнтаў і матэрыялаў, прадстаўленых праваабарончымі групамі, а таксама больш чым 200 інтэрвію, у тым ліку зь сем’ямі зьніклых бязь вестак і некаторымі дзецьмі, якія вярнуліся дадому.
«Вываз і перамяшчэньне адбываліся з розных месцаў на шырокай геаграфічнай тэрыторыі акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў адпаведнасьці з добра ўсталяванай схемай паводзін, што сьведчыць аб тым, што гэтыя дзеяньні былі шырока распаўсюджанымі і сыстэматычнымі», — адзначаецца з справаздачы. Яе прадставяць у Жэнэве (Швайцарыя) 12 сакавіка на пасяджэньні Рады ААН у правах чалавека.
Украіна прывітала вынікі расьсьледаваньня. Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заклікаў дзяржавы ўзмацніць ціск на Расею, каб забясьпечыць вяртаньне незаконна вывезеных дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што зафіксавалі 165 лягераў, у якіх утрымліваюць выкрадзеных украінскіх дзяцей, у тым ліку ў Беларусі і КНДР- Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.