Ужо сёньня: 120 гадоў таму на браме Пішчалаўскага замку павесілі Івана Пуліхава

Іван Пуліхаў

Падзеі 11 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 сакавіка 1906 году ў Менску за замах на губэрнатара пакаралі сьмерцю 26-гадовага рэвалюцыянэра-сацыяліста Івана Пуліхава. Вось як разьвівалася гісторыя.

30 кастрычніка 1905 году ў Менск прыйшлі зьвесткі пра царскі маніфэст, які абвяшчаў у краіне дэмакратычныя свабоды. На прывакзальным пляцы сабраўся мітынг, удзельнікі якога запатрабавалі ад губэрнатара Паўла Курлова вызваліць палітвязьняў, што і было зроблена. Натхнёныя перамогаю мітынгоўцы здолелі сабраць пад свае сьцягі 20 тысяч менчукоў. Губэрнатар даў дазвол страляць. На пляцы засталося больш за 100 забітых і 300 параненых.

Арганізацыя партыі эсэраў вынесла Курлову сьмяротны прысуд. Выканаць яго ўзяўся Пуліхаў. Бомба, кінутая 14 студзеня Іванам у губэрнатара, ня выбухнула. 11 сакавіка Пуліхава павесілі на браме Пішчалаўскага замку і пакінулі ў пятлі на чатыры дні для застрашэньня менчукоў.

У 1923 годзе імем Пуліхава назвалі былую Архірэйскую вуліцу ў сталіцы.

Таксама ў гэты дзень

1401 — Радамска-віленская вунія ўзмацніла літоўска-польскія дачыненьні. ВКЛ засталося самастойнай дзяржавай на чале зь Вітаўтам, а Польшча — на чале зь Ягайлам.

1566 — зацьверджаны другі Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэадальнага права, помнік беларускага пісьменства і юрыдычнай думкі (паводле старога стылю — 1 сакавіка).

Статут Вялікага Княства Літоўскага

1609 — пачалася вайна ВКЛ з Масковіяй (1609—1618), у часе якой войска ВКЛ на два гады захапіла Маскву.

1985Міхаіл Гарбачоў пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі быў прызначаны генэральным сакратаром ЦК КПСС.

Міхаіл Гарбачоў, 1985

1990 — Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт, якім заявіў аб выхадзе рэспублікі са складу Савецкага Саюзу.

2011 — у выніку моцнага цунамі адбылася аварыя на японскай АЭС «Фукусіма».

АЭС «Фукусіма», Японія, сакавік 2011

У гэты дзень нарадзіліся

1827 Каятан Крашэўскі, пісьменьнік і драматург, аўтар гістарычных і мэмуарных твораў.

1887 Алесь Гарун, беларускі паэт і дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Алеся Гаруна

1911Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзеяч і навуковец, галоўны рэдактар часопіса «Божым шляхам», архімандрыт грэка-каталіцкай царквы.

Барыс Кіт і айцец Леў Гарошка. Парыж, 1958

1903Тодар Кляшторны, беларускі паэт. У 1937 годзе Кляшторны быў асуджаны НКВД як «член антысавецкай арганізацыі», яму прысудзілі найвышэйшую меру пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Сумна тут у мурах да адчаю,
Здэцца, просіцца сэрца ў палі,
Дзе вясна залатымі ключамі
Адмыкае таемнасьць зямлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстраляныя літаратары. Тодар Кляшторны, які адкрыта напісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ»

1966Зьміцер Яцкевіч, гісторык.

У памяці

1831 Восіп Казлоўскі, кампазытар і арганіст.

1839Сымон Канарскі, дзеяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году, расстраляны расейскімі ўладамі.

1872 Плацыд Янкоўскі, уніяцкі, пасьля праваслаўны сьвятар, празаік і паэт, магістар тэалёгіі.

1926Станіслаў Нарбут, вучоны-мэдык, лекар. Абараніў доктарскую дысэртацыю пра каўтун — хваробу беднякоў.

1938 Эрвін Краінскі-Савіцкі, супрацоўнік газэты «Красноармейская звезда» зь Менску. Арыштаваны 20 траўня 1937 году. Асуджаны як сябра контрарэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі. Расстраляны.

1941 Аляксандар Уласаў, рэдактар і выдавец першай беларускай газэты «Наша Ніва». У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1939 году Ўласаў быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зачараваны беларушчынай. На 150-я ўгодкі Аляксандра Ўласава, рэдактара, завадатара і жыцьцялюба

1955 Аляксандар Флемінг, брытанскі біёляг і фармаколяг, вынаходнік пэніцыліну, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізіялёгіі і мэдыцыне.

1996 Леанід Марчанка, мастак.

2006 Слабадан Мілошавіч. прэзыдэнт Сэрбіі (1989—1997), прэзыдэнт Югаславіі (1997—2000). У сувязі з ваеннымі канфліктамі на Балканах Мілошавіч быў абвінавачаны судом больш як па 60 пунктах, сярод іншага ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецтва. Памёр у турме Гааскага трыбуналу.

2022 Аляксей Пяткевіч, літаратуразнаўца і краязнаўца, прафэсар.