Як паведамляе Белсат, у лютым 2026 года ў параўнаньні са студзенем 2026 года цэны вырасьлі на 0,6%, а за два месяцы года — на 1%.
Інфляцыя ў лютым 2026 году ў параўнаньні з лютым 2025-га склала 5,6%, што ўкладаецца ў пляны ўрада не дапусьціць росту інфляцыі ў 2026 годзе вышэй за 7%.
Але рост цэн на харчы перавысіў прагнозны паказчык. Паводле зьвестак Белстату, цэны на харчовыя тавары за студзень-люты 2026 года перавысілі мінулагодні паказчык на 8,7%. Кошты на паслугі ў гадавым вымярэньні вырасьлі на 6,8%, а на прамысловыя тавары — на 2,3%.
Раней улады прызналі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам. Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, такія зьвесткі 13 студзеня апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць узровень 5 працэнтаў.
Паводле Белстату, у 2024 годзе інфляцыя склала 5,2%, у 2023 годзе — 5,8%.
Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней падаў макраэканамічны прагноз на 2026–2028 гады: прырост ВУП у Беларусі мае скласьці 1,8%.
«Стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.
Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Сярэдні курс беларускага рубля ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,32 бел. руб./даляр. Умеркаванае паслабленьне курсу зьвязана з ростам імпарту і скарачэньнем экспарту тавараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод прычын росту цэн у Беларусі ў 2025 годзе Нацбанк назваў імпарт інфляцыі з Расеі. А што яшчэ?