Юрыстка пракамэнтавала «справу беларускіх кнігавыдаўцоў» і чым яна пагражае чытачам

Беларускія кнігі, архіўнае фота

Праваабаронцы заявілі пра ўзмацненьне рэпрэсій у Беларусі ў сфэры культуры.

3 сакавіка Камітэт дзяржаўнай бясьпекі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» «кааліцыю друкаваных выдавецтваў» «Фонд Kamunikat.оrg», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Вядома пра гэта стала толькі 9 сакавіка. Некаторыя асобы, каго КДБ прызнаў датычным да «фармаваньня», утрымліваюцца за кратамі.

Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва пракамэнтавала «справу беларускіх кнігавыдаўцоў».

Паводле ведамства, датычнымі да «кааліцыі» зьяўляюцца Яраслаў Іванюк, Дзьмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч, Аляксандр Яўдаха.

Напрыканцы лютага ў Менску прайшлі масавыя затрыманьні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам было затрымана як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «суткі». Алеся Яўдаху, Вацлава Багдановіча і Зьмітра Коласа, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца за кратамі, КДБ прызнаў датычнымі да «кааліцыі выдавецтваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады абвінавацілі выдаўцоў кніг у стварэньні «кааліцыі». Даведаліся, ці яна існуе

У Аглядзе сытуацыі з правамі чалавека за люты праваабаронцы зьвярталі ўвагу, што апошнім часам фіксуецца ўзмацненьне рэпрэсій у сфэры культуры агулам і, асабліва, датычна незалежных беларускіх выдавецтваў:

«У Беларусі адбываюцца ператрусы і затрыманьні. Закрылі выдавецтва „Тэхналёгія“ — хіба апошняе непраўладнае незалежнае выдавецтва ўнутры нашай краіны. А выдавецтвы, што працуюць па-за Беларусьсю, прызнаюцца „эктрэмісцкімі матэрыяламі“ і „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“. Зараз бачым, што тры беларускія выдавецтвы ў вымушанай эміграцыі аб’ядналі ў „фармаваньне“ і крыміналізавалі іх дзейнасьць».

Цяпер за дзейнасьць, зьвязаную з працай выдавецтваў, прызнаных «экстрэмісцкім фармаваньнем», прадугледжваецца адказнасьць паводле артыкулаў 361-1, 361-2 і 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Перш за ўсё пад рызыкай крымінальнага перасьледу — распаўсюджвальнікі кніг, арганізатары рэклямы і дастаўкі.

Пры гэтым, юрыстка зьвяртае ўвагу, што валоданьне кнігай з выдавецтва, прызнанага «фармаваньнем», не павінна падпадаць ні пад удзел, ні пад фінансаваньне, ні пад садзейнічаньне «экстрэмісцкай дзейнасьці». Але можа цягнуць адказнасьць за захоўваньне кнігі ў межах арт. 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

«Хаця строга юрыдычна адміністрацыйны артыкул забараняе «захоўваньне ў мэтах распаўсюду», але ж на практыцы любы запратакаліраваны факт захоўваньня цягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць. Рызыка крымінальнага перасьледу за куплю кніг таксама становіцца высокай, калі адносіны з выдавецтвам выходзяць за межы звычайнага спажываньня і набываюць сыстэмны характар. У такой сытуацыі сьледзтва можа спрабаваць інтэрпрэтаваць дзеяньні не як набыцьцё тавару, а як форму ўдзелу ў дзейнасьці арганізацыі або садзейнічаньне ёй»,— мяркуе юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.

Паводле яе слоў, асноўная праблема ў крымінальным перасьледзе за экстрэмізм — гэта рэтраспэктыўнасьць дзеяньня адказнасьці і расплывістае заканадаўчае рэгуляваньне.

«Пад перасьлед падпадае дзейнасьць і ўзаемадзеяньне з новым „экстрэмісцкім фармаваньнем“ і да яго прызнаньня гэткім. А тэрміны „ўдзел“, „фінансаваньне“ і „садзейнічаньне“ „экстрэмісцкаму фармаваньню“ ў Крымінальным кодэксе дакладна не вызначаныя і трактуюцца ўладамі занадта шырока і гнутка пад бягучыя патрэбы рэпрэсій», — адзначае Сьвятлана Галаўнёва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускія выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Частка зь іх цяпер за кратамі