У Менску праз праблемы з кантактнай сеткай зноў спыніўся рух тралейбусаў

Ілюстрацыйнае фота

У Менску раніцай 10 сакавіка спыняліся тралейбусы ў двух раёнах сталіцы — Маскоўскім і Фрунзенскім.

Як адзначаецца на сайце Дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», з 05:44 да 06:30 рух тралейбусаў спыніўся на вуліцах Янкі Брыля і Гурскага (Маскоўскі раён) праз пашкоджаньне кантактнай сеткі. Транспарт не хадзіў па васьмі маршрутах.

З 08:04 да 08:57 спыніліся тралейбусы пяці маршрутаў, якія мусілі ехаць з Сухарава-5 (Фрунзенскі раён). Прычынай спыненьня транспарту стала адсутнасьць напругі ў кантактнай сетцы.

З раніцы рух тралейбусаў не ажыцьцяўляўся па 12 маршрутах.

Праблемы з рухам электрычнага транспарту ў Менску пачаліся сёлета з пачатку году. Найбольш маштабнае спыненьне руху тралейбусаў адбылося 16 лютага, калі з раніцы апублікавалі 15 паведамленьняў аб праблемах у руху гарадзкога грамадзкага транспарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашкоджаньне сеткі, няправільная паркоўка, тэхнічныя праблемы. У Менску працягваюцца праблемы з транспартам