Парадзіха і немаўля памерлі ў Дзяржынскім шпіталі, у Мінздароўя пракамэнтавалі

Ілюстрацыйнае фота

У сацсетках зьявілася інфармацыя аб гібелі маці і немаўляці ў Дзяржынскай ЦРБ.

Парадзіха і немаўля памерлі ў Дзяржынскім шпіталі

Пра здарэньне паведаміў сайт Onliner. Паводле выданьня, 8 сакавіка, у жанчыны адыйшлі воды, яе павезьлі ў шпіталь, але ня выратавалі ні парадзіху, ні дзіця.

Журналісту Onlíner пацьвердзілі гэтую інфармацыю ў шпіталі.

Пра выпадак інфармавала дзяўчына, якая назвалася калегай загінулай маладой жанчыны. Па словах калегі, загінулая дзяўчына нядаўна выйшла замуж, ёй было 26 гадоў.

«Анафіляктычны шок, усё вельмі хутка. Тэрмін прыкладна 34 тыдні. Даведаліся ад яе мамы, якая сёньня з раніцы зайшла да нас у кабінэт у гістэрыцы даведацца, якія дакумэнты трэба сабраць», — напісала ў пасце калега.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і крыніцы «Нашай Нівы». Са слоў людзей, знаёмых з сытуацыяй, жанчыне ўвялі антыбіётык цэфтрыаксан.

Паводле зьвестак «Нашай Нівы», парадзіха магла загінуць ад анафіляктычнага шоку пасьля ўвядзеньня антыбіётыка цэфтрыаксон.

Мінздароўя пракамэнтавала трагедыю ў Дзяржынску

Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід Недзень пракамэнтаваў выпадак у Дзяржынску:

«Міністэрства аховы здароўя выказвае шчырыя спачуваньні сям’і жанчыны, якая памерла 8 сакавіка ў Дзяржынскай ЦРБ. Паведамляем, што ў гэты момант працуе спэцыяльная камісія ў складзе пазаштаных спэцыялістаў Міністэрства аховы здароўя. Ацэньваюцца ўсе этапы аказаньня мэдыцынскай дапамогі. Канчатковы дыягназ будзе ўстаноўлены пасьля атрыманьня вынікаў патолягаанатамічнага разбору і правядзеньня судова-мэдыцынскай экспэртызы.

Прынятае рашэньне аб прыпыненьні рэалізацыі і мэдыцынскага выкарыстаньня лекавага прэпарату», — гаворыцца ў камэнтары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўгадзіны рэанімавалі». Што вядома пра сьмерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы