На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае гісторык і палітоляг Роза Турарбекава.
0:00 Ці зрыне Трамп рэжым аятолаў у Іране?
8:27 Якія высновы робіць Лукашэнка з вайны на Блізкім Усходзе?
16:04 Ці пачуе Эўропа перасьцярогі Статкевіча наконт «Арэшніка»?
21:42 Чым Захад адказвае на разьмяшчэньне «Арэшніка» у Беларусі?
30:38 Чаго чакаць у беларуска-расейскіх адносінах сёлета?
— Вайна ў Іране працягваецца ўжо 10 дзён. Адзін яго лідэр — Алі Хамэнэі — забіты, абраны ці прызначаны іншы — Муджтаба Хамэнэі, сын забітага. Які ваш прагноз хады вайны, якая імавернасьць таго, што альбо рэжым будзе зрынуты альбо будзе трансфармаваны ў больш дамоваздольны (як у Вэнэсуэле)?
— З майго пункту гледжаньня трансфармацыя рэжыму ў больш дамоваздольны — самы малаверагодны варыянт. Іранскі рэжым моцна адрозьніваецца ад вэнэсуэльскага. Там ёсьць істотныя абмежаваньні, якія не дазваляюць яму трансфармавацца. Пра гэта сьведчыць і абраньне новым лідэрам — рахбарам — Муджтабы Хамэнэі. Калі робіцца стаўка на такога радыкальнага лідэра, гаворка не ідзе пра імкненьне палітычнай эліты Ірана да таго, каб трансфармаваць свой рэжым паводле сцэнару Вэнэесуэлы.
Што да шанцаў на зрынаньне рэжыму, я думаю, што яно магчымае толькі ў выпадку наземнай апэрацыі, альбо ў выпадку, калі бамбардзіроўкі дасягнуць такога ўзроўню інтэнсіўнасьці, калі не толькі вышэйшае кіраўніцтва, але і ў цэлым сыстэма кіраваньня краінай будзе паралізаваная. Наколькі мы зараз можам назіраць, гэтая сыстэма, вядома, знаходзіцца ў стане шоку, але яна не паралізаваная. І вельмі шмат, на жаль, інфармацыі аб тым, што кіравальнасьць краінай не страчана. Гэта зьвязана, вядома, з асаблівасьцю і спэцыфікай палітычнай сыстэмы Ірана, якая сама па сабе зьяўляецца ўнікальнай, практычна адзінай у сьвеце, аналягаў ёй няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым лідэрам Ірану стаў сын забітага Хамэнэі. Што пра яго вядома?— А вось наконт аналягаў. Некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт, паводле якога ўлада ў выпадку яго раптоўнай гібелі пераходзіць да Рады бясьпекі. Потым гэты дэкрэт быў імплемэнтаваны ў новую Канстытуцыю. У Іране першая асоба як раз раптоўна загінула. Наколькі фармаваньне новай улады адбылося паводле прадугледжанага на такі выпадак пляну? Ці гэта адбылося хаатычна?
— З майго пункту гледжаньня сыстэма перадачы ўлады спрацавала. Трэба сказаць, што яны рыхтаваліся да таго, што такое магчыма. Асабліва гэта стала відавочна пасьля чэрвеня 2025 году, пасьля леташняй вайны. Тады ўпершыню ўзьнікла пагроза фізычнага зьнішчэньня вышэйшых службовых асобаў у Іране. Яны распрацавалі плян на выпадак такога разьвіцьця падзеяў і ён быў рэалізаваны. Пераходны пэрыяд доўжыўся 10 дзён і ён быў даволі небясьпечным для сыстэмы ўлады.
Аднак яны здолелі правесьці асамблею муджтахідаў — сьвятароў вышэйшага рангу, якія па іранскіх законах выбіраюць новага лідэра. Судзячы па ўсім, гэтая асамблея сабралася пад уплывам і кантролем Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Пакуль іранская сыстэма даказвае сваю ўстойлівасьць, нягледзячы на вельмі жорсткае ўзьдзеяньне, аж да пагрозы фізычнага зьнішчэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кожнай машынай ляжала цела, яны білі ўсіх запар». У Іране расьце колькасьць загінулых пратэстоўцаў— Зусім нядаўна Іран страсалі масавыя пратэсты, з пратэстоўцамі ўлады абыходзіліся па-зьверску, тысячы людзей былі забітыя на вуліцах і пакараныя сьмерцю. Якія шанцы на тое, што зараз іранцы ізноў паўстануць супраць тэакратычнага рэжыму?
— Цяпер для людзей, якія паўставалі тады, для тых зь іх, хто застаўся ў жывых пасьля расправы з пратэстамі, зараз галоўнае — выжыць. Яны апынуліся ў абцугах паміж рэпрэсіўным рэжымам і бамбардзіроўкамі. Па-мойму, крытычным пунктам, калі пратэсты маглі аднавіцца, былі 40 дзён пасьля расстрэлаў дэманстрацый. Пратэсты тады не аднавіліся. У нас мала інфармацыі аб тым, што адбываецца зараз у іранскім грамадзтве. Магу толькі сказаць, што вызначальнымі будуць паводзіны жыхароў сталіцы — Тэгерана.
— Якія наступствы вайны для Беларусі? Якія можа ўжо ёсьць, і якіх яшчэ можна чакаць?
— Для Аляксандра Лукашэнкі важна, з аднаго боку, падтрыманьне палітычнага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва зь Іранам, з другога — эканамічныя адносіны, у тым ліку і вельмі далікатныя, з арабскімі краінамі рэгіёну, такімі як ААЭ і Аман. Рознага роду ізгоі свае грошы захоўваюць менавіта ў гэтым рэгіёне. Лукашэнка супрацоўнічае з манархіямі Пэрсыдзкай затокі дастаткова шчыльна. Гледзячы па ўсім, у яго там ёсьць нейкія актывы. І на трэцім месцы паводле важнасьці — Турэччына. Пасьля 2020 году адбылося істотнае павелічэньне таваразвароту з Анкарой.
І ўсе гэтыя тры краіны наўпрост ці ўскосна закранутыя цяперашняй вайной. Інфраструктура гандлю золатам, банкаўская інфраструктура ў ААЭ, у Амане, у астатніх краінах Пэрсыдзкай затокі сёньня знаходзіцца пад пагрозай.
Другі момант — усё, што зьвязана з цэнамі на нафту і на прадукты харчаваньня. Яны будуць расьці і гэта так ці інакш будзе адбівацца і на Беларусі.
Палітычна, калі цяперашні рэжым у Іране працерпіць паразу, гэта будзе моцным сыгналам для Лукашэнкі, што яму трэба яшчэ больш старанна наладжваць дыялёг з Захадам і найперш з ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Якія наступствы для Беларусі будзе мець новая вайна на Блізкім Усходзе, — меркаваньне Арцёма Шрайбмана— А чаму вы лічыце, што сыгнал будзе менавіта такім — наладжваць адносіны з тымі, хто сёньня ваюе зь іранскімі «братамі» Лукашэнкі? А чаму выснова ня будзе такая, што трэба яшчэ больш мацаваць абарону, яшчэ глыбей інтэгравацца з Расеяй, каб тая абараніла, прыкрыла сваім ядзерным «парасонам» у выпадку чаго?
— Беларусь зьяўляецца стратэгічным партнэрам Расеі, увесь сьвет успрымае гэта так, што Беларусь фактычна — пратэктарат РФ. Я так не лічу, але, канешне, залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы дасягнула зараз крытычнай ступені ў самых розных сфэрах. Але пры гэтым Лукашэнка вядзе перамовы з ЗША і дасягае ў іх пэўных посьпехаў. Адмена часткі санкцый — гэта не трыюмф, але адчувальны вынік. І мне падаецца, што ён будзе імкнуцца ўзмацніць гэты балянс, каб засьцерагчы сябе ад розных нечаканасьцяў з боку Расеі.
«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»
Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.
Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.